Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня будзем маўчаць і пакрываць хлусьлівую статыстыку COVID-19». Беларускія мэдыкі апублікавалі відэазварот


Акцыя пратэсту мэдыкаў у Менску 12 жніўня
Акцыя пратэсту мэдыкаў у Менску 12 жніўня

Беларускія мэдыкі падрыхтавалі відэазварот, у якім выказваюць сваё стаўленьне да «няспынных парушэньняў правоў чалавека і беспрэцэдэнтнага гвалту на ўсёй тэрыторыі Беларусі», а таксама заяўляюць, што больш ня будуць «пакрываць хлусьлівую статыстыку COVID-19».

«Мы, мэдычныя работнікі Рэспублікі Беларусь, як і ўсе, сёньня ня можам заставацца ў баку ад падзей у нашай краіне. Калі ўлада, міліцыя, судзьдзі і людзі ў балаклавах адкрыта парушаюць закон. Калі ўсім і кожнаму відавочны рэальны вынік выбараў. Калі з афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі ракой льецца хлусьня і гразь. Калі людзей выкрадаюць на вуліцах, адводзяць з уласных дамоў невядомыя са схаванымі тварамі. Калі тыя, хто прысягаў на вернасьць народу і закону, растапталі закон берцамі і страляюць у свой народ, б'юць і катуюць яго, самі ператварыўшыся ў злачынцаў. Калі масавыя арышты і зьнікненьне людзей становяцца штодзённай нормай. Калі з вуснаў чалавека, нібыта абранага народам, мы чуем абразы, пагрозы і адкрыты абсурд», — гаворыцца з звароце.

Мэдыкі ў ім выказваюць сваю салідарнасьць спартоўцам, айцішнікам, рабочым, студэнтам, выкладчыкам і «ўсяму народу Беларусі, які стаміўся ад пагрозаў, падману і абразаў».

«Мы не хаваем сваіх твараў. Нам няма чаго саромецца, а баяцца нам усім надакучыла! Калі нашых калег хапаюць, закрываюць у турмы, зьбіваюць, мы ня будзем маўчаць. Мы ня будзем маўчаць і пакрываць хлусьлівую статыстыку. Калі дзяржава спрабуе вырашыць праблему COVID-19, ігнаруючы яе, мы адмаўляемся ўдзельнічаць у падмане!» — гаворыцца ў звароце.

Усіх беларускіх работнікаў аховы здароўя, якія маюць сярэднюю і вышэйшую мэдыцынскую і псыхалягічную адукацыю і падтрымліваюць гэты зварот, заклікаюць падпісацца пад ім праз адмысловую форму. «Нас ужо больш за 1800 чалавек», — гаворыцца ў апісаньні пад відэазваротам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG