Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі тысяч чалавек сабраліся на «Марш справядлівасьці» ў Менску, нягледзячы на перашкоды АМАПу і першыя затрыманьні


Як перадаюць карэспандэнты Свабоды, амапаўцы затрымалі некалькі чалавек на Нямізе і праспэкце Пераможцаў. А 15 гадзіне на скрыжаваньні каля стэлы сабралася каля 5 тысяч удзельнікаў.

На ганку гандлёвага цэнтру «Галерэя» людзі скандуюць: «Жыве Беларусь!». Пад’ехала калёна аўтазакаў і мікрааўтобусаў.

Тым часам на Нямізе і праспэкце Пераможцаў сабраліся тысячы чалавек. Людзі ідуць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, шмат сьцягоў раёнаў. У іх бок рухаюцца людзі з боку плошчы Свабоды.

Туды таксама пад’ехалі аўтазакі. Выбеглі сілавікі, амаль усіх разагналі. Некалькі чалавек затрыманыя. Некаторыя схаваліся ў KFC, праваахоўнікі спрабавалі туды трапіць, але дзьверы перад імі замкнулі. Тыя проста сышлі.

На баку Палацу спорту сілавікі кучай наваліліся і затрымалі мужчыну зь вялікім сьцягам.

Амапаўцы курсуюць уздоўж праспэкту Пераможцаў зь месца на месца. Як толькі недзе зьбіраецца прыкметная група, туды пад’яжджаюць сілавікі і пачынаецца разгон.

Цяпер разганяюць тых, хто сабраўся каля унівэрмагу «На Нямізе». Перасьледуюць людзей на мосьце праз вуліцу паміж двума гандлёвымі цэнтрамі. Відавочцы паведамляюць пра затрыманых.

Каля 15 гадзіны Марш заняў палову праспэкта Пераможцаў у раёне стэлы. Да яго далучаюцца калёны зь іншых вуліц. Частка дарогі па праспэкце вышэй за Стэлы ў бок Палаца Назалежнасьці ўжо заблякаваная ДАІ. Праспэкт Машэрава таксама заняты ўдзельнікамі Марша. На скрыжаваньні каля стэлы каля 5 тысяч удзельнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG