У садоўніцкім таварыстве «Гарадзішчанская Вішнёўка» Калодзішчанскага сельсавету пажарныя і міліцыянты зьнялі са шматмэтровай воданапорнай вежы бел-чырвона-белы сьцяг.
Сьцяг вісеў там ад 15 жніўня. Старшыня таварыства неаднаразова патрабаваў зьняць сьцяг і, як мяркуюць дачнікі, мог цяпер выклікаць міліцыю і пажарную тэхніку.
Як паведамляюць дачнікі, на іх абурэньне міліцыянты ў масках адказвалі груба, пагражаючы завезьці нязгодных у РУУС. Як сказала Свабодзе 80-гадовая дачніца спадарыня Ларыса, яна ніколі ў жыцьці не сустракалася з такай агрэсіяй і злосьцю, як у размове зь міліцыянтамі. «Гэтыя шэсьць міліцыянтаў і пажарнікі робяць усё гэта за нашы падаткі», — абураецца пэнсіянэрка.