Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не абавязкова разьбіваць шкло, каб папіць кавы». Мянчук запрасіў ў кавярню міліцэйскага начальніка, які біў шыбы


Разьбітая вітрына кавярні O’Petit
Разьбітая вітрына кавярні O’Petit

Адзін з затрыманых 6 верасьня у менскай кавярні O’Petit напісаў адкрыты ліст начальніку ГУБАЗіК МУС Мікалаю Карпянкову.

Мянчук Канстанцін запрасіў міліцэйскага начальніка ў кавярню, на якую ён са сваімі неідэнтыфікаванымі падначаленымі напаў, разьбіўшы шкляныя дзьверы.

«Ня буду ўтойваць: мы тады вельмі спалохаліся. Але ведаеце што: зусім не абавязкова разьбіваць шкло, каб папіць кавы. Дастаткова ветліва папрасіць, і вам бы адчынілі. Нават калі вы з дубінкамі — кавы хопіць на ўсіх! Толькі маскі давялося б зьняць, а то піць будзе нязручна», — пачаў свой ліст малады чалавек.

Мікалай Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў

«Мікалай, я чуў, што ў вас праблемы з аплатай камунальных, нібыта вісіць вялікая запазычанасьць. Магчыма, вы з жонкай адпраўляеце ўсе свае сродкі на дабрачыннасьць. Згодны, гучыць неверагодна, але ахвотна дапускаю. І калі гэта праўда, я здымаю капялюш, цісну вашу ўсё яшчэ моцную руку і з задавальненьнем гатовы пачаставаць вас. Амэрыкана або капучына? Месца вы памятаеце. Дубінку можаце пакінуць у аддзяленьні», — працягвае Канстанцін, удакладняючы, што пераходзіць на сур’ёзнага.

«Спадар Карпянкоў, я ў агульных рысах азнаёміўся з вашай біяграфіяй. Вучыліся ў сувораўскай вучэльні, працавалі ў МУС — „Алмаз“, антытэрор, барацьба з наркотыкамі і арганізаванай злачыннасьцю. Дапускаю, што вы добры прафэсіянал, маеце вялікі досьвед служэньня радзіме. Але бегаць палкоўніку міліцыі з дубінкай па вуліцы, біць вітрыны і тэрарызаваць мірных людзей — гэта не зусім тое, чаго ад вас чакае грамадзтва».

Аўтар прызнае, што 6 верасьня ў кавярні схаваліся ўдзельнікі мірнага мітынгу, якіх сілавікі перасьледавалі.

«Але мы вам ня ворагі. Па-першае, дзейнічаем адкрыта і не парушаем закону, бо права на сходы замацавана ў Канстытуцыі. Па-другое, нас вельмі шмат — банды такога памеру не бываюць, а наогул гэта і ёсьць народ. Мы жывём у гэтым горадзе і кожны дзень знаходзімся недалёка адзін ад аднаго. Таму ўсім будзе лепш, калі мы пачнём прынамсі чуць адзін аднаго. Так што давайце спакойна абмяркуем гэта за кубкам кавы», — падсумаваў Канстанцін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG