Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: У Польшчы і Літве знаходзяцца каля 800 уцекачоў зь Беларусі


Павал Латушка.

У Польшчы (Бяла-Падляска, Варшава, Кракаў, Лодзь, Познань) знаходзяцца, па розных ацэнках, каля 500 беларускіх уцекачоў, у Літве, па зьвестках арганізацыі «Дапамога», — каля 300, паведаміў сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу Павал Латушка, які ў 2002-2008 гадах быў амабсадарам Беларусі ў Польшчы.

«Сёньня каля Бяла-Падляскай сустрэўся з уцекачамі зь Беларусі (Менск, Наваполацак, Горадня і інш.). Беларусы, якіх выціскаюць з краіны за іх меркаваньні, якім пагражаюць і заводзяць крымінальныя справы без падставаў», — напісаў 19 верасьня Павал Латушка ў сваім Тэлеграм-канале.

Паводле Латушкі, польскія ўлады са свайго боку робяць многае, каб дапамагчы беларускім уцекачам: даюць прытулак, харчаваньне і пражываньне.

«Але ёсьць і нявырашаныя праблемы: недахоп інфармацыі. Тых, хто прыехаў бязь візаў, хвалюе доўгі тэрмін прадастаўленьня статусу ўцекача. Тых, хто прыехаў па гуманітарнай візе, — нявызначаны статус. На сёньняшні дзень і тыя, і іншыя ня могуць легальна працаваць», — адзначыў палітык.

Ён паведаміў, што абмяркуе гэтыя пытаньні на сустрэчах з прадстаўніком Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, а таксама з прэм’ер-міністрам Польшчы і ўладамі Літвы.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка сам вымушана пакінуў Беларусь 2 верасьня праз небясьпеку крымінальнага перасьледу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG