Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкам «Беларуськалію» абскардзіць судовае рашэньне аб прызнаньні страйку незаконным


Забастоўка на «Беларуськаліі», 17 жніўня 2020 году
Забастоўка на «Беларуськаліі», 17 жніўня 2020 году

Скарга будзе пададзеная ў пачатку будучага тыдня. Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун.

«Страйкам вырашыў абскардзіць рашэньне суду аб прызнаньні страйку незаконным. Наадварот, гэта пастанова суду незаконная», — мяркуе Анатоль Бокун.

Паводле Бокуна, страйк на прадпрыемстве працягваецца ў розных формах.

«Яшчэ каля 20 чалавек ужо амаль месяц страйкуюць, як я, не выходзячы на працу. Шмат іншых страйкуюць па-італьянску», — сказаў Анатоль Бокун.

Паводле страйкаму, шмат работнікаў «Беларуськалію», якія падтрымліваюць патрабаваньні адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў, страйкуюць па-італьянску — гэта значыць, выходзяць на працу і выконваюць усе інструкцыі тэхнікі бясьпекі, але фактычна не працуюць. Колькасьць такіх страйкоўцаў у страйкаме не называюць, але кажуць, што іх усё больш.

«У выніку на 1-м і 2-м рудніках месячныя пляны не былі выкананыя на 17-18 адсоткаў», — кажуць у страйкаме «Беларуськалію».

Анатоль Бокун ня лічыць сябе звольненым

11 верасьня, калі Менскі абласны суд прызнаў страйк на «Беларуськаліі» незаконным, у судзе прагучала, што Анатоль Бокун звольнены з прадпрыемства. Пра гэта суду паведаміла загадчыца аддзелу кадраў 1-га рудніка Вольга Паланіна. Аднак Анатоль Бокун дагэтуль лічыць сябе работнікам «Беларуськалію».

«Мяне ніхто з загадам на звальненьне не азнаёміў, таму лічу сябе па-ранейшаму работнікам 1-га рудаўпраўленьня „Беларуськалію“. Так, на працу не выходжу, бо знаходжуся ў страйку, як і прыкладна 20 маіх калегаў», — сказаў Бокун.

Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту ў ізалятары ў Любані.

«У камэры антысанітарыя, памыцца нармальна палову тэрміну не давалі. Першы раз дазволілі прыняць душ праз тыдзень, усё казалі, што душ зламаўся. На прагулкі выпускалі празь дзень і ўсяго на 15 хвілін», — расказаў Анатоль Бокун.

Паводле сустаршыні страйкаму «Беларуськалію», суд над ім адбываўся са шматлікімі парушэньнямі.

«Сьведкі-міліцыянты давалі супярэчлівая паказаньні, час і месца майго затрыманьня не адпавядалі рэчаіснасьці, але суд ня стаў у гэтым разьбірацца. Абскардзіць рашэньне таксама не ўдалося, яго прадублявалі, праігнараваўшы ўсе недахопы справы. У нас не правасудзьдзе, а беззаконьне», — упэўнены Анатоль Бокун.

Анатоль паведаміў, што сядзеў у адной камэры з былым старшынём Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Мікалаем Зіміным і вядомым салігорскім актывістам Уладзімерам Шылам, якіх працягваюць трымаць у СІЗА Любані.

Хто яшчэ са страйкаму сядзіць на сутках?

Максім Пазьнякоў, старшыня БНП, у які як нізавая арганізацыя ўваходзіць Незалежны прафсаюз гарнякоў (НПГ) «Беларуськалію», пералічыў актывістаў, якія за сваю дзейнасьць у страйкаме працягваюць адбываць адміністрацыйныя арышты ці былі аштрафаваныя.

«Гэта былы сустаршыня страйкаму Сяргей Чаркасаў, Аляксандар Новік, Павал Пучэня, Раман Лявончык, былы старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін, Раман Бандаравец», — паведаміў Максім Пазьнякоў.

Зь ягоных слоў, каля 100 работнікаў падалі скаргі на рашэньне адміністрацыі прадпрыемства аб іх дэпрэміяваньні за ўдзел у страйку 17-18 жніўня.

«Гэтым людзям будзе аказаная юрыдычная дапамога», — сказаў Максім Пазьнякоў.

Па зьвестках, якія агучылі 11 верасьня ў Менскім абласным судзе прадстаўнікі адміністрацыі «Беларуськалію», у страйку, які праходзіў на прадпрыемстве 17-18 жніўня, бралі удзел да 800 шахтароў і рабочых іншых прафэсій. Актывісты страйкаму гавораць пра 6-7 тысяч удзельнікаў страйку на «Баларуськаліі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG