Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абвясьціў пра закрыцьцё межаў. Што гэта значыць і наколькі магчыма?


Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота

17 верасьня на канцэрце ў «Менск-Арэне» Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць мяжу. Свабода разабралася, што адбываецца на заходніх межах Беларусі празь дзень пасьля гучнай заявы.

«Мы вымушаныя адвесьці войскі з вуліц, палову войска паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную мяжу з захаду, найперш зь Літвой і Польшчай. Мы вымушаныя ўзмацніць дзяржаўную мяжу, на вялікі жаль, з нашай брацкай Украінай», — сказаў Лукашэнка.

Ці закрылі мяжу

Але 18 верасьня праз заходнюю мяжу Беларусі працягваюць пускаць людзей. У Памежным камітэце супакойваюць, што «гаворкі пра закрыцьцё мяжы няма».

«Ахова дзяржаўнай мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым варыянце памежнай службы і памежнага кантролю з прымяненьнем тактычных рэзэрваў. Усе захады ажыцьцяўляюцца з улікам абстаноўкі, якая складаецца на кожным кірунку. У цяперашні момант пункты пропуску ажыцьцяўляюць афармленьне на ўезд і выезд у межах прапускной здольнасьці», — паведаміў Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Што меў на ўвазе Лукашэнка

Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, кажа, што часам складана зразумець, што Лукашэнка мае на ўвазе:

«Я думаю, што гэта непаразуменьне ў трактоўцы і інтэрпрэтацыі словаў, якія сказаў Лукашэнка. Мелася на ўвазе, што гэтая мяжа прыкрытая беларускімі вайскоўцамі — у дыскурсе таго, што Лукашэнка лічыць, што існуе вонкавая пагроза, нібыта пад Варшавай розныя цэнтры, дэстабілізацыя становішча звонку і NATO на мяжы. Вось Беларусь вымушаная прыкрываць войскамі гэтыя межы. То бок, гаворка хутчэй ішла не пра закрыцьцё межаў, а ўзмоцненыя вайсковыя захады ў абароне мяжы. Цяпер закрыцьцё межаў — гэта абсурднае рашэньне, таму што яны і так амаль закрытыя праз каранавірус, а не ад таго, што суседнія краіны абмяжоўваюць уезд на сваю тэрыторыю», — мяркуе Андрэй Ягораў.

Паводле вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, «гаворка пра ўзмацненьне, а не закрыцьцё межаў».

«Магчыма, памежнікі разам з падразьдзяленьнямі войскаў дыслякуюцца недалёка ад мяжы. Мяжу ачэпяць, на гэта патрэбны дадатковыя сродкі. Думаю, будзе дадатковы апаратны кантроль, каб надглядаць аўтамабілі, шукаць нейкія рэчывы, якія могуць скарыстаць для дэстабілізацыі становішча. Але галоўнае — гэта сьпісы асобаў, якім ня будзе доступу ў Беларусь. Магчыма, пашыраць сьпісы па матывах апошніх падзей; магчыма, унясуць у сьпісы палітычных дзеячоў, рэлігійных дзеячоў», — кажа Аляксандар Алесін.

Чым закрыцьцё межаў пагражае эканоміцы

Праз Польшчу і Літву ідзе вялікі трафік грузаперавозак. Таму поўнае закрыцьцё межаў ударыць найперш па лягістычных цэнтрах. Як расказалі Свабодзе ў адным з такіх цэнтраў, «цяпер фуры едуць у звычайным рэжыме, затрымак няма».

Паводле эканаміста Beroc Дзьмітрыя Крука, закрыцьцё мяжы — гэта фінал для гандлёвых плыняў.

«Гэта вельмі значныя сумы, калі гаварыць пра Польшчу і Літву; гэта эканамічныя наступствы. Таму думаю, што поўнага закрыцьця ня будзе, магчыма, нейкае ўмацаваньне», — кажа эканаміст.

За паўгода таваразварот Беларусі зь Літвой склаў 763 мільёны даляраў, з Польшчай — 1,3 мільярда даляраў. Таваразварот з Украінай склаў 2,3 мільярда даляраў. Украіна стала адным з асноўных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG