Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спроба самаспаленьня ў Смалявічах на ганку РАУС. Міліцыя не камэнтуе


Міліцыянт у Смалявічах, ілюстрацыйнае фота

У Смалявічах перад будынкам міліцыі чалавек абліў сябе бэнзінам і падпаліў.

Жыхар Смалявічаў пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю пра спробу самаспаленьня невядомага на прыступках мясцовага РАУС.

«Я размаўляў са сьведкамі здарэньня, яны самі гэта бачылі, мужчына абліў сябе бэнзінам і падпаліў. Гэта адбылося а палове першай. Гэта малады хлопец, хацеў даказаць сваю праўду; ці жывы, невядома. Але пра гэты выпадак ужо ведаюць усе Смалявічы».

Відавочца паведаміў журналісту Tut.by , што ён бачыў:

«Я пад'яжджаў да скрыжаваньня, побач зь якім знаходзіцца РАУС. Там стаялі пажарныя машыны з маячкамі, ля ганку знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Каля іх ляжаў чалавек, побач гарэла нейкая ануча або адзеньне. Спачатку падумаў, то гэта лялька нейкая ляжыць, але потым заўважыў, што чалавек варушыцца. Ён быў увесь у белым парашку. Потым прымчаліся дзьве машыны хуткай дапамогі і мужчыну павезьлі».
Сьведкі кажуць, што мужчына, перад тым як сябе падпаліць, не крычаў якіх-небудзь лёзунгаў, проста падпаліў сябе. Супрацоўнік РАУС патушыў яго з вогнетушыцеля.

Цяпер мужчына ў рэанімацыі Смалявіцкай раённай лякарні, яго асоба высвятляецца. Пакуль невядомыя прычыны, якая падштурхнулі яго на такі крок.

Месца здарэньня ачэпленае, працуюць супрацоўнікі Сьледчага камітэту. Тут ляжаць рэшткі адзеньня і абутак мужчыны.

У Смалявіцкім РАУС адмовіліся Свабодзе пацьвердзіць або абвергнуць гэтыя зьвесткі, накіраваўшы ў прэс-службу МУС.

Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава таксама адмовілася нешта сказаць, заявіўшы Свабодзе, што «інфармацыя зьявіцца ў тэлеграм-канале», калі ў ведамстве палічаць гэта патрэбным.

Тэлеграм-канал Nexta апублікаваў відэа інцыдэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG