Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў глуханямога, які «гучна выкрыкваў лёзунгі»


Суд Чыгуначнага раёну Гомля 16 верасьня апраўдаў 23-гадовага Аляксандра, інваліда па слыху. Па вэрсіі міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лёзунгі».

Суд палічыў віну Аляксандра недаказанай.

Пра затрыманьне і суд расказала маці Аляксандра — сам ён гаворыць мала і блага.

Маладога чалавека затрымаў і зьбіў АМАП яшчэ 12 жніўня.

«Саша сядзеў на прыпынку, чакаў аўтобуса. Прыехаў аўтобус, і разам зь ім — аўтазак. Саша ўжо ўваходзіў у аўтобус, як яго адтуль выхапілі амапаўцы і пацягнулі ў аўтазак. Ён паказваў на слыхавы апарат, што ня чуе, спрабаваў нешта хоць патлумачыць, але яго пачалі біць — па нагах, па ілбе... Потым былі сінякі, і на сьпіне таксама», — кажа маці.

У той вечар тэлефон Сашы быў недасяжны, маці спалохалася і пачала яго шукаць. Знайшла ў Чыгуначным РАУС.

«Потым Саша расказаў, што яго ставілі ў аўтазаку на калені. Не дазвалялі падымаць галаву, калі паклалі тварам долу ў РАУС. А яго нельга біць! У яго сэрца хворае, зрок благі і слых. Ён рэшту слыху можа страціць, калі яго ўдарыць», — кажа маці.

Яна расказвае, што моцна перахвалявалася ў той вечар і ноч.

«Плакала ў РАУС, на каленях амаль прасіла, каб яго адпусьцілі, бо ён жа безь перакладчыка не разумее нічога. Яны ня мелі права яго дапытваць. Дый што ён мог сказаць, калі блага гаворыць — толькі я яго разумею?!» — кажа жыхарка Гомля.

Са скаргамі ў Сьледчы камітэт ці міліцыю яна не зьвярталася: «Мне тады не да таго было».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG