Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночая акцыя ў Горадні, 12 верасьня
Жаночая акцыя ў Горадні, 12 верасьня

Што адбываецца ў 39-ы дзень беларускіх пратэстаў

Што адбываецца ў 39-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

13:09 16.9.2020

«Згвалціць у аўтазаку нельга». Міліцэйскі чыноўнік называў фэйкам сьведчаньні пра згвалтаваньне дубінкай

Пра згвалтаваньне дубінкай заявіў 30-гадовы праграміст. Ён быў затрыманы ў цэнтры Менска 11 жніўня, а гвалт, зь ягоных слоў, учыніў старшы супрацоўнік АМАП у міліцэйскай машыне. Гэта малады чалавек пацьвердзіў мэдычнымі дакумэнтамі, дзе гаварылася аб зафіксаваных у яго гематомах ў галіне машонкі, задняга праходу, а таксама чэрапна-мазгавой траўме і страсеньні мозгу.

«Амапаўцы патрабавалі разблякаваць тэлефон. Я адмовіўся. Паклікалі старэйшага. Ён стаў пагражаць — дубінку ў азадак засуну. Потым разрэзаў мне шорты і трусы ззаду, крыж-накрыж, крыкнуў сваім, ці ёсьць у каго прэзэрватыў. Я ляжаў на падлозе тварам уніз, але бачыў, як ён прэзэрватыў нацягвае на дубінку. І ён засунуў мне дубінку ў задні праход. Выцягнуў, зноў запатрабаваў пароль. Біў кулакамі і нагамі — па рэбрах, па твары, у зубы...».

Чытаць далей

13:08 16.9.2020

«Гэта табе за труну!» Студэнта-расейца высылаюць зь Беларусі, хаця тут жыве ягоная сям’я

Упраўленьне ўнутраных спраў адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску вырашыла выслаць зь Беларусі «ў добраахвотным парадку» грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіслава Клаўкіна ды забараніць яму ўезд у краіну цягам 10 гадоў. Прычына высылкі — «у інтарэсах грамадзкага парадку».

За парушэньне пастановы хлопцу пагражае турма на 5 гадоў. Улад зьбіраецца абскардзіць рашэньне аб высылцы, інакш праз 5 дзён мусіць пакінуць Беларусь.

Беларускія сябры ўжо падшукалі для Ўлада месца, дзе спыніцца ў Маскве, і часовую працу. Але якім транспартам выехаць у Расею? Паводле правілаў высылкі, ён ня можа карыстацца чыгункай, але і з квіткамі на самалёт цяпер праблема.

«Чакаю, каб патлумачылі, як гэта зрабіць. Прыйдзецца ехаць у нікуды. Тут у мяне маці і малодшы брат, а ў Маскве нікога, акрамя некалькіх знаёмых. Беларусь для мяне фактычна родная краіна, з 21 году жыцьця пражыў тут ужо 13», — кажа Улад.

Чытаць далей

12:40 16.9.2020

Найбуйнейшы кліент «Беларуськалію» з Нарвэгіі едзе ў Салігорск, каб дамагчыся спыненьня рэпрэсіяў супраць шахтароў

Кіраўніцтва найбуйнейшага ў Нарвэгіі пакупніка беларускага калію, кампаніі Yara, прыяжджае ў Салігорск на перамовы з кіраўніцтвам «Беларуськалію», дзе некаторых работнікаў звольнілі ці пасадзілі за краты за пратэсты, паведамляе nrk.no.

На чале дэлегацыі Ґайр Сунбё, які прадстаўляе інтарэсы працаўнікоў у Радзе Yara і трымае кантакт з прафсаюзным рухам Беларусі. Сунбё хоча разабрацца ў сытуацыі наўпрост з кіраўніцтвам Беларуськалію і мае намер правесьці сустрэчы зь лідэрамі прафсаюзу і страйкавага руху.

Нарвэская кампанія ўжо дасылала заклапочаныя лісты кіраўніцтву «Беларуськалію», але адказу не атрымала.

12:37 16.9.2020

Дапрацаваныя справы фатографаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча зноў паступілі ў Фрунзенскі суд Менску. Па інфармацыі Свабоды, у абноўленых матэрыялах пазначана, што Васюковіч з Грыдзіным мітынгавалі не ля кавярні 1067 на Раманаўскай Слабадзе, а на вуліцы Прытыцкага 21 з 19.00 па 19.05.

12:27 16.9.2020

Пра «гарантыі бясьпекі» Лукашэнку: пытаньні, на якія няма адказу

Можна зразумець, чым кіруецца Святлана Ціханоўская, калі кажа, што ў выпадку мірнага сыходу Лукашэнкі ён атрымае гарантыі бясьпекі.

Ясна, што ў дылеме — добраахвотны сыход Лукашэнкі і ягонае спакойнае жыцьцё на Рублёўцы альбо сыход Лукашэнкі коштам хаця б яшчэ адной ахвяры і пажыцьцёвае ягонае зьняволеньне — выбіраеш першае: ня вартыя ягоныя пакуты жыцьця яшчэ аднаго чалавека.

Чытаць далей

12:26 16.9.2020

Чаму літоўцы заклапочаныя падзеямі ў Беларусі найбольш з усіх эўрапейцаў? Тлумачыць амбасадар

Калі б існаваў сцэнар расейскага ўварваньня ў Беларусь, Літва была б аточаная з двух бакоў Расеяй. Літоўцы вельмі баяцца гэтага і лічаць небясьпекай, тлумачыць пасол Чэхіі ў Літве Віт Корсэльт.

Таму ў беларускім пытаньні Літва зьяўляецца «адной з самых актыўных краінаў у Эўропе, якая заклікае Эўразьвяз да большага ўдзелу, большай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці, а таксама павялічвае фінансаваньне ВНУ, каб у іх магло вучыцца больш беларусаў, – сказаў ён у інтэрвію чэскаму радыё.

12:25 16.9.2020

«Жорсткі адказ уладаў — ганебны». Старшыня Эўракамісіі падрымала беларусаў

Галава Эўрапейскай Камісіі Урсула фон дэр Ляен у сераду заявіла, што ў Эўразьвязе падтрымліваюць беларускі народ і лічаць, што ён мае права самастойна вырашаць свой лёс, а ня быць проста «шахматнай фігурай».

«Эўрапейскі зьвяз на баку народу, Беларусі... Выбары, празь якія людзі выйшлі на вуліцу, не былі ні сумленнымі, ні свабоднымі. А жорсткі адказ уладаў на гэта — ганебны. Народ Беларусі павінен атрымаць права самастойна выбіраць сваю будучыню для сябе, ён не фігура на чыёйсьці шахматнай дошцы», — заявіла фон дэр Ляен падчас выступу ў Эўрапарлямэнце.
Яна дадала, што ў ЭЗ захопленыя мужнасьцю і адвагай беларускага народу, які выходзіць на мірныя дэманстрацыі і маршы.

Паводле Ўрсулы фон дэр Ляен, Эўракамісія прапануе праект закону ЭЗ накшталт «акту Магніцкага», які будзе накладваць санкцыі за парушэньні правоў чалавека ў сьвеце.

12:08 16.9.2020

«Яны абрэзалі мне валасы і загадалі іх жэрці»

«Карацей, мяне закінулі ў аўтазак, — расказвае 20-гадовы студэнт Аляксей Курачоў. — Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амапаўцаў, мяне называюць „підарам“ і садзяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: „Мордай у падлогу“.

Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: „Жары валасы“. Я маўчу, яны кажуць: „Жары валасы“, я маўчу. Яны кажуць: „Складай валасы ў кішэню“. Я склаў валасы ў кішэню. Яны забіраюць у мяне тэлефон, працягваюць мяне біць. Я спрабую закрывацца, але яны рукі мае фіксуюць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах. Задаюць пытаньні нейкія, кшталту: „Хто табе заплаціў?“ Я кажу: „Мне ніхто не заплаціў“. Яны кажуць: „Хто твой каардынатар?“»

Гісторыі гвалту сілавікоў у жніўні.

11:46 16.9.2020

У Рэчыцы за ўдзел у акцыі судзілі 79-гадовую жанчыну, зьняволеную нацысцкай турмы

Калі Зінаідзе Крывіцкай быў годзік, яна трапіла разам з маці ў нацысцкую турму за тое, што яе тата быў партызан. Сёньня 79-гадовую жанчыну судзілі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Рэчыцы.

Зінаіда Крывіцкая
Зінаіда Крывіцкая

Зінаіда Крывіцкая ўпершыню за 79 гадоў трапіла пад судовы перасьлед. 30 жніўня яна з кветкамі ішла ў калёне пратэстоўцаў па Рэчыцы. Міліцыя расцаніла гэта так: «Актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным вулічным шэсьці і мітынгу з мэтай выказваньня свайго пратэсту па факце несумленнага правядзеньня выбараў».

На судзе Зінаіда Іванаўна зазначыла, што ніколі не галасавала за Аляксандра Лукашэнку і ўпершыню за 26 гадоў займела магчымасьць выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю.

Чытаць далей

11:44 16.9.2020

Лукашэнка назваў мітам сьцьверджаньні пра рэвалюцыйную сытуацыю ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка праводзіць сёньня ў Менску сустрэчу з «палітычным актывам»​.

«Нібыта спантанная самаарганізацыя грамадзтва, высьпяваньне так званай рэвалюцыйнай сытуацыі, „нелегітымнасьць выбараў“ і да таго падобнае – усё гэта міты. Іх спрэс разьбівае глыбінны аналіз падзей, якія адбыліся задоўга да электаральнай кампаніі бягучага году», – сказаў ён у сераду на сустрэчы з палітычным актывам краіны, перадае агенцтва БелТА.

Лукашэнка сказаў, што акцыі пратэсту апазыцыі, якія адбываюцца пасьля выбараў, не зьяўляюцца чымсьці новым.

«Старэйшыя людзі памятаюць і не такое ў Беларусі, калі тысячы і тысячы людзей выходзілі ў 90-х на вуліцы, перакульвалі машыны, палілі іх, кідалі „кактэйлі Молатава“ на першыя паверхі тады яшчэ не цяперашніх буцікоў і крам, а ў вокны да звычайных людзей».

11:09 16.9.2020

Унучкі Лукашэнкі забралі дакумэнты зь ліцэю БДУ, як і сын раней

Анастасія і Дар'я Лукашэнкі забралі дакумэнты зь ліцэя БДУ. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на словы самой унучкі Лукашэнкі Анастасіі.

Анастасія вучылася на гуманітарным профілі. Сёлета паступіла ў ліцэй і Дарʼя. Яна, як і старэйшая сястра, выбрала гуманітарны профіль

10:52 16.9.2020

«Калі адміна закрываюць на 10 дзён, уся праца стаіць». IT-кампаніі расказваюць, чаму масава пакідаюць Беларусь

Паводле апытаньня сацсеткі для пошуку дзелавых кантактаў LinkedIn, мінімум 12 беларускіх IT-кампаній пасьля выбараў 9 жніўня знаходзяцца ў працэсе поўнага пераезду, а 59 — частковага. Яшчэ 112 кампаній прызналі, што пачалі шукаць магчымасьці для рэлякацыі.

Сярод магчымых варыянтаў новай «прапіскі» кіраўнікі IT-кампаній называюць Украіну, Літву і Польшчу: частка гэтых краін ужо абвясьціла аб ільготных умовах для работы праграмістаў зь Беларусі. Прычыны пераезду — рэгулярнае адключэньне беларускімі ўладамі інтэрнэту ў краіне, арышты кіраўнікоў і супрацоўнікаў кампаній, а таксама агульная абстаноўка ў Беларусі.

Кіраўнікі беларускіх IT-кампаній прызнаюць, што для многіх зь іх галоўным фактарам пераезду стала пытаньне бясьпекі супрацоўнікаў.

Чытаць цалкам

10:51 16.9.2020

«Гродна Азот» ліквідаваў тэхнічныя праблемы, вяртаецца да штатнай працы, — «Белнафтахім»

«Тэхнічныя непаладкі ліквідаваныя. Цэх Карбамід-4 аднавіў працу яшчэ ўчора, а цэх Аміяк-3 ужо выходзіць на штатную працу», — расказаў прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.

Ён праінфармаваў, што праблемы з адным з датчыкаў «вывелі абсталяваньне ў рэжым блякіроўкі і, адпаведна, [прывялі да] часовага прыпыненьня вытворчасьці ў гэтых цэхах».

Учора ўвечары на тэрыторыі канцэрна запалілася аварыйная паходня. У сеціве зьявіліся думкі, што такім чынам «Гродна Азот» заявіў пра страйк. Цішчанка адзначыў, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

10:30 16.9.2020

Ціханоўская: «Лукашэнка, калі сыдзе мірна, атрымае гарантыі бясьпекі»

На думку Сьвятланы Ціханоўскай, Аляксандар Лукашэнка мусіць атрымаць гарантыі бясьпекі ў выпадку ягонай згоды на перадачу ўлады і арганізацыю новых выбараў.

«Гэта ўсё можна абмяркоўваць. Вядома, калі мірна сыдзе, па-чалавечы, то такая магчымасьць ёсьць. Можна нават сказаць, упэўненасьць. Асабіста я павінна гаварыць за ўсіх людзей. І думка ўсіх людзей будзе ўлічвацца ў гэтым пытаньні», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню lb.ua, адказваючы на пытаньне, ці будуць дадзеныя гарантыі бясьпекі Аляксандру Лукашэнку, калі ён сыдзе мірна.

На яшчэ адно ўдакладняльнае пытаньне, ці азначае гэтае яе выказваньне, што Лукашэнка атрымае гарантыі бясьпекі, яна адказала: «Так. Нават больш».

Чытаць цалкам

10:29 16.9.2020

«Кожны жарт — маленькая рэвалюцыя». Як беларускі гумар выйшаў на вуліцы

Пагаварылі зь беларускай дасьледчыцай гумару, PhD у фальклярыстыцы, навуковай супрацоўніцай Эстонскага літаратурнага музэю Анастасіяй Фядотавай пра новыя палітычныя плякаты.

Нягледзячы на катаваньні, нечалавечую жорсткасьць, празь якія прайшлі беларусы, пачуцьцё гумару ў іх толькі ўзмацнілася, мяркуе экспэрт. І з кожным жартам на плякатах ці лёзунгах пачынае зьнікаць страх.

Чытайце далей

09:12 16.9.2020

Па «Беларусь-1» паказалі ролік супраць забастоўкі. Прычыны страйку ня згадваюцца.

08:21 16.9.2020

У Менску зьявіўся яшчэ адзін мурал зь Нінай Багінскай.

XS
SM
MD
LG