Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка Руся зьехала зь Беларусі, але працягвае з-за мяжы дапамагаць пацярпелым


Руся, архіўнае фота
Руся, архіўнае фота

Вакалістка вядомага беларускага гурта Shuma Руся (сапраўднае імя — Марына Шукюрава) вымушаная была пакінуць Беларусь: яна паляцела ў Кіеў з аднагадовай дачкой і мамай-пэнсіянэркай.

Руся адраджае старажытныя беларускія песьні і выкладае асновы сцэнічнай мовы беларускім апазыцыйным палітыкам, рэгулярна ўдзельнічае ў мітынгах супраць рэжыму Лукашэнкі і абараняе правы ЛГБТ. А пасьля выбараў 9 жніўня каардынуе фонд дапамогі пацярпелым або затрыманым падчас пратэстаў. Руся асьцерагаецца, што гэтага можа быць дастаткова, каб на яе завялі крымінальную справу.

У інтэрвію «Настоящему времени» сьпявачка расказала, што прыняла рашэньне аб ад’езьдзе, калі да такіх жа актывістаў, як яна, пачалі прыходзіць зь ператрусамі і арыштамі.

— Пакуль мая псыхаэмацыйная форма нестабільная. Калі чытаю навіны зь Беларусі, мне вельмі балюча, страшна: страшна за тых, хто застаўся там, — кажа Руся. — Балюча і горка ад таго, што я не магла там застацца. Я цяпер знаходжуся тут, у Кіеве, і вымушана сачыць за ўсім здалёк.

Руся ня ўтойвае, што яшчэ да выбараў 9 жніўня супрацоўнічала са штабам апазыцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі, якога арыштавалі незадоўга да галасаваньня.

— Я прафэсійна займаюся тым, што называецца вакальны іміджмэйкер. Гэта праца з голасам, іміджам, маўленчым іміджам чалавека, — апавядае Марына. — І, вядома ж, самыя мае актыўныя кліенты — гэта палітыкі. Гэта ня першая прэзыдэнцкая кампанія, на якой я працую трэнэрам маўленьня. Гэтым разам я працавала зь людзьмі са штабу Бабарыкі.

Пасьля выбараў і спробы жорсткага задушэньня пратэстаў беларускія актывісты стварылі фонд дапамогі людзям, якія пацярпелі або былі затрыманыя на акцыях у Менску і іншых гарадах Беларусі. За паўтара месяца яны здолелі сабраць мільён даляраў (пра гэта паведамляў Аляксей Лявончык, аўтар ініцыятывы). Руся дапамагала фонду ня толькі грашыма, але і каардынавала іншую валянтэрскую дапамогу.

— Адкуль бяруцца грошы? Людзі скідаюцца самі. Айцішнікі скідаюць грошы на рахунак завадчанам. Людзі, у якіх ёсьць нейкія ашчаджэньні, таксама дапамагаюць. Уладальнікі бізнэсу таксама адлічваюць грошы, напрыклад, тым, хто звольніўся, — расказвае яна. — Людзі разумеюць, якая сытуацыя, і імкнуцца дапамагчы, таму што ўся краіна дзіка стамілася. Мы зьнясіленыя ад гэтага Лукашэнкі. Гэта проста немагчыма далей трываць.

Руся кажа, што яе жыцьцё, як і жыцьцё многіх іншых беларусаў, падзялілася на да і пасьля выбараў. Яна падкрэсьлівае: калі раней у Беларусі было моцным жаданьне прыстасоўвацца да рэжыму, то масавыя арышты і першыя сьмерці дэманстрантаў справакавалі рост валянтэрскага руху, які абараняе правы людзей.

— Тое, што адбылося 9 жніўня, і гэтыя арышты, забойства чалавека, гэта жудасна: гэта ўсё хутка зьмяніла. Сапраўды ёсьць ініцыятывы, якія зьбіраюць сьведчаньні людзей, якія зазналі арышт і гвалт у турме. І гэта будзе потым падставай для таго, каб падаць у суд на Лукашэнку, — падкрэсьлівае яна. — Зьбіраць гэтую інфармацыю няпроста. Многія людзі з траўмамі не гатовыя пакуль выходзіць і казаць пра гэта, яны ўсё роўна баяцца, што калі яны яшчэ нешта раскажуць, іх забяруць яшчэ раз.

Сьпявачка распавядае, што многія юрысты і псыхолягі працуюць з пацярпелымі практычна бясплатна, а яе задача складаецца ў тым, каб нават з Кіеву накіроўваць людзей па дапамогу ў патрэбныя недзяржаўныя арганізацыі.

— Цяпер людзі, якія зазналі катаваньні, часта нават ня могуць зьняць пабоі, таму што закон у Беларусі працуе так, што калі ты хочаш зьняць пабоі, ты павінен вярнуцца ў турму і ўзяць ад іх накіраваньне, — апавядае яна. — Хто гэта будзе рабіць у здаровым розуме, калі цябе там гвалцілі, разьдзіралі? Таму на гэты момант працуюць валянтэрскія службы. Напрыклад, юрысты вучаць адносна зьбіцьця: фатаграфуйцеся з газэтай сёньняшняга дня, каб было зафіксавана, якая дата, і што з табой адбылося.

Руся плянуе арганізаваць плятформу для разнаплянавай дапамогі сваім калегам-артыстам. Яна падкрэсьлівае: канцэртаў, спэктакляў, здымак фільмаў у Беларусі цяпер няма і ў бліжэйшы час ня будзе. З дапамогай яе ініцыятывы, як яна спадзяецца, артыстам змогуць ня толькі дапамагаць фінансава, але і знайсьці новыя крыніцы заробку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG