Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны заявіла, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі


Бел-чырвона-белыя сьцягі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. 4 верасьня 2020 году.

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла заяву аб сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, у якой дэпутаты большасьцю галасоў асудзілі гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў і заклікалі беларускія ўлады да цывілізаванага і дэмакратычнага дыялёгу з грамадзтвам.

У заяве адзначаецца:

«Вярхоўная Рада Ўкраіны лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі. Выбары прайшлі пры поўнай адсутнасьці канкурэнцыі паміж кандыдатамі, свабоднымі СМІ і аўтарытэтнымі назіральнікамі ад міжнародных арганізацый, такіх як АБСЭ і Рада Эўропы.

Выбары прэзыдэнта Беларусі прайшлі з істотнымі парушэньнямі, шматлікімі адмовамі ў рэгістрацыі кандыдатаў і непразрыстым падлікам галасоў. Мы лічым непрымальным запалохваньне апанэнтаў, зьняволеньне іх у турму, стварэньне перашкодаў для незалежных нацыянальных назіральнікаў на выбарчых участках, парушэньне права выбарнікаў на свабоднае волевыяўленьне, а таксама поўны кантроль уладаў над Цэнтральнай выбарчай камісіяй Беларусі.

Усё гэта дае падставы меркаваць, што афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўленьня грамадзян Беларусі».

Што казалі прадстаўнікі франкцый

«Тыя падзеі, якія мы назіралі ў Беларусі, даюць падставы сьцьвярджаць, што абнародаваныя вынікі не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўленьня беларускіх грамадзян. У заяве асуджаюцца мэтады, якія выкарыстоўвае афіцыная ўлада Беларусі; выказваецца недапушчальнасьць выкарыстаньня сілаў Расейскай Фэдэрацыі і АДКБ для нармалізацыі сытуацыі», — заявіў кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў замежнай палітыцы і міжпарлямэнцкай супрацы Аляксандар Мярэжка (фракцыя «Слуга народу»).

Дэпутат дадаў, што ў заяве таксама зьмяшчаецца заклік да ўладаў Беларусі разьвязаць сытуацыю з удзелам міжнародных пасярэднікаў.

Дэпутатка фракцыі «Голас» Саламія Баброўская заклікала ўрад Украіны распрацаваць меры падтрымкі грамадзян Беларусі, якія вымушаны ўцякаць з краіны ад перасьледу ў пошуках бясьпекі.

Некаторыя дэпутаты, у тым ліку ад праўладнай фракцыі, трымалі на сваіх плячах бел-чырвона-белы сьцяг на знак падтрымкі і салідарнасьці зь беларускім народам.

Дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка перакананы, што Вярхоўная Рада Ўкраіны мусіла заявіць аб непрызнаньні вынікаў выбараў, як гэта зрабілі Польшча ды Літва:

«Заява нашай улады слабая. Дзе рэакцыя Зяленскага на надгляд нашага амбасадара на ўезьдзе ў Беларусь, на тыя бязглуздыя заявы, якія робіць дыктатар Лукашэнка пра Ўкраіну, што мы нібыта яму перашкаджаем жыць? Дзе рэакцыя на гэтыя не дружалюбныя, а варожыя словы ў наш адрас з боку Лаўрова, Пуціна і ўсіх іншых? Я тут пачуў, як гавораць „прэзыдэнт Лукашэнка“. Няма ніякага прэзыдэнта Лукашэнкі. Ёсьць дыктатар, узурпатар Лукашэнка, і рэчы трэба называць сваімі назвамі. На жаль, наша заява слабая, але я ўпэўнены, што беларускі народ пераможа».

Фракцыя «Бацькаўшчына» пацьвердзіла сваю пазыцыю, што для разьвязаньня сытуацыі ў Беларусі неабходна правесьці новыя выбары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG