Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС заявіла, што анулявала беларускі пашпарт Кандрусевіча, бо правярае, ці мае ён іншае грамадзянства


Кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.
Кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.

Пашпарт кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча быў прызнаны несапраўдным з прычыны праверкі прыналежнасьці да беларускага грамадзянства, аднак самога грамадзянства мітрапаліт не пазбаўлены.

Пра гэта Tut.by паведаміў кіраўнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Як заявіў Аляксей Бягун, прызнаньне пашпарта Тадэвуша Кандрусевіча несапраўдным не азначае, што ён быў пазбаўлены беларускага грамадзянства.

«Ён не пазбаўлены грамадзянства, бо ў гэтым пытаньні патрабуецца вынясеньне заключэньня. Міністэрства ўнутраных спраў проста цяпер праводзіць праверку яго прыналежнасьці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пададзеных ім дакумэнтаў пры праходжаньні працэдуры натуралізацыі».

Паводле кіраўніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, штогод праводзіцца больш за тысячу падобных працэдур у дачыненьні да асобаў, якія маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Ён паведаміў, што праверка ў дачыненьні да Тадэвуша Кандрусевіча была распачатая яшчэ да яго ад’езду ў Польшчу, так што наступныя падзеі — усяго толькі супадзеньне.

«Так атрымалася ў сукупнасьці абставінаў. Працэдура была крыху раней пачатая, а ён у гэты час зьехаў. Нам было б таксама больш выгадна, калі б ён быў тут».

Аляксей Бягун паведаміў, што скаргу ад Тадэвуша Кандрусевіча ў МУС ужо атрымалі і яму дадуць падрабязны адказ.

Як патлумачыла Свабодзе прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава, цяпер яе ведамства сапраўды вядзе праверку атрыманай інфармацыі пра тое, што мітрапаліт Кандрусевіч нібыта ня выйшаў зь іншага грамадзянства, калі атрымліваў беларускае.

«Праводзіцца праверка атрыманай інфармацыі аб наяўнасьці ў яго замежнага грамадянства. Зараз зроблены адпаведныя запыты, на гэты час беларускі пашпарт ягоны прызнаны несапраўдным».

Пра тое, што ў мітрапаліта нібыта ёсьць іншае грамадзянства, раней казаў Аляксандар Лукашэнка.

14 верасьня стаў вядомы адказ Дзяржаўнага памежнага камітэту кіраўніку Каталіцкай царквы Беларусі, у якім паведамлялася, што пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча быў прызнаны несапраўдным, таму яму і было адмоўлена ва ўезьдзе ў краіну 31 жніўня.

Мітрапаліт Кандрусевіч нарадзіўся ў Беларусі, ён на некаторы час выйшаў з гарамадзянства Беларусі, калі кіраваў Каталіцкім касьцёлам у Расеі. У 2007 годзе мітрапаліт вярнуўся на радзіму, калі быў прызначаны папам Рымскім кіраваць касьцёлам на Беларусі. Спачатку ён атрымаў від на жыхарства, а пазьней вярнуў грамадзянства Беларусі і іншага грамадзянства ня мае, заявіў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага каталіцкай царквы айцец Юры Санько.

Беларускі закон патрабуе, каб кіраўнікі цэркваў мелі беларускае грамадзянства, і мітрапаліт Кандрусевіч гэтае палажэньне закону выканаў.

Юры Санько паведаміў Свабодзе, што ў 2007 годзе не было было ніякіх праблем пераездам Кандрусевічам на радзіму і зь вяртаньнем беларускага пашпарта, і ніякіх пытаньняў ад МУС Беларусі не было.

31 жніўня, на момант, калі мітрапаліта Кандрусевіча, які мае беларускае грамадзянства не пускалі ў краіну з Польшчы, начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун нічога ня змог сказаць Свабодзе аб прычынах такіх дзеяньняў уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG