Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць кібэрпартызаны ўзламаць падатковую сыстэму? Разьбіраемся з экспэртамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ананімная супольнасьць ІТ-спэцыялістаў прыгразіла Аляксандру Лукашэнку ўзламаць падатковую і банкаўскую сыстэмы. Свабода пагутарыла з двума спэцыялістамі ў кібэрбясьпецы пра тое, наколькі гэта рэальна.

Тэзісна:

  • Узлом некалькіх дзяржаўных сайтаў паказаў, што рукі ў кібэрпартызан растуць «адкуль трэба».
  • За ўвесь час падатковая не змагла наняць добрых спэцыялістаў, каб зрабіць сыстэму зручнай. Таму ўзломы выглядаюць «абсалютна ня дзіўна».
  • З банкаўскай сыстэмай «усё складаней», бо там працуе шмат добрых і высокааплатных спэцыялістаў.

12 верасьня пасьля жорсткіх затрыманьняў людзі, якія называюць сябе кібэрпартызанамі, прыгразілі абрушыць падатковую і банкаўскую сыстэмы Беларусі. Разьбіраемся, наколькі гэта рэальна.

На мінулым тыдні ананімная супольнасьць ІТ-спэцыялістаў ужо ўзламала сайты Акадэміі МУС, Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, Гандлёвай палаты.

12 верасьня кібэрпартызаны прыгразілі Аляксандру Лукашэнку, што калі на нядзельным маршы «затрымаюць хоць аднаго чалавека», абрынуцца падатковая і банкаўская сыстэмы. У нядзелю толькі ў Менску затрымалі 500 чалавек.

14 верасьня некаторыя карыстальнікі скардзіліся на праблемы з доступам да свайго онлайн-кабінэта. У падатковай праблемы прызналі.

Экспэрт у сфэры кібэрбясьпекі на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, ці могуць пагрозы кібэрпартызан ажыцьцявіцца.

«Мы ўжо бачылі іх пасьпяховыя атакі, ламалі сайт Акадэміі МУС, сайт Гандлёвай палаты. Яны паказваюць, што рукі растуць адкуль трэба, што здольнасьцямі і тэхналёгіямі яны валодаюць. А вялікія грошы, якія трацяцца на дзяржаўныя сайты, выглядае, трацяцца неадэкватна. Беларускія ІТ-спэцыялісты далёка не апошнія ў сваёй сфэры», — мяркуе экспэрт.

Ці можна паламаць падатковую сыстэму

Падатковая — складаная інфраструктура, з ключамі доступу, кажа спэцыяліст. Але пры гэтым яна мае свае хібы.

«Уся схема са сплатай падаткаў праз абавязковыя праграмы, платныя ключы паказвае непрыдатнасьць ІТ-структуры падатковай. Гэтая структура празь сябе прапускае вялізарную колькасьць сродкаў, але яна ня можа сабе закласьці ў бюджэт працу прафэсіяналаў, якія зробяць зручныя праграмы, якія дапамогуць сплаціць падаткі бяз танцаў з бубнамі. У цяперашняй сыстэме ўсё крыва і коса, не для людзей. Тое, што іх цяпер узломваюць, — гэта абсалютна ня дзіўна», — кажа экспэрт.

Ці магчыма ўзламаць банкаўскую сыстэму

Што да банкаўскай сыстэмы, то там сыстэма кібэрабароны лепшая, ад гэтай бясьпекі залежыць рэпутацыя банку, мяркуе спэцыяліст.

«Банкі зацікаўленыя ў сваёй рэпутацыі і ў захаваньні інфармацыі аб кліентах. Праца ІТ-спэцыялістаў банкаў добра аплочваецца. Думаю, што з банкамі або не атрымаецца, або будуць адзінкавыя выпадкі, зьвязаныя са зьлівам інфармацыі. У банках ёсьць свае карпаратыўныя стандарты, усе зьлівы фіксуюцца», — кажа экспэрт.

Ці ўзламалі кібэрпартызаны базу сілавікоў

Пакуль з інфраструктуры сілавікоў кібэрпартызаны ўзламалі толькі сайт Акадэміі МУС. Паводле суразмоўцы Свабоды, наўрад ці праз гэты сайт было магчыма выцягнуць нейкую базу сілавікоў.

«Ня ўпэўнены, што гэтая інфармацыя пра ўзлом базы сілавікоў праўдзівая. Калі так, то шмат каму будзе цікавая такая база», — гаворыць спэцыяліст.

Паводле іншага ІТ-спэцыяліста, «магчыма сьцягнуць нейкія дакумэнты, якія будуць ляжаць на тых жа сэрвэрах, што і сайты». Але такое малаверагодна.

«Сумнеўна, што нешта важнае будзе ляжаць у падключаных да сеціва неабароненых базах, хаця ўсё можа быць. Але паступова ўсе хібы ў сыстэме людзі выправяць, і паламаць будзе цяжка ці немагчыма. Гэта калі казаць пра зьнешні ўзлом. Большую пагрозу могуць уяўляць унутраныя дывэрсіі ці сабатаж рукамі супрацоўнікаў адпаведных устаноў. Але прагназаваць маштаб гэтага цяжка, і цяжка сказаць, ці будуць людзі ўвогуле ісьці на такую рызыку», — мяркуе спэцыяліст.

Кібэрпартызаны тым часам анансавалі ў ананімным тэлеграм-канале атаку на сайт дзяржаўных беларускіх лятарэй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG