Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі экс-супрацоўніка Мінфіну, які звольніўся на знак пратэсту, ён у Жодзінскай турме


Дзяніс і Тацяна Каляда. Архіўнае фота.

Міліцыя затрымала Дзяніса Каляду, былога кансультанта юрыдычнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Беларусі, які спачатку абвясьціў страйк, а потым сышоў з пасады на знак пратэсту супраць гвалту ў краіне пасьля выбараў.

Днём 13 верасьня ў Менску яго і жонку спынілі міліцыянты. Дзяніс і Тацяна гулялі ўдалечыні ад шэсьцяў, але зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Ім сказалі, што яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мітынгу.

«Мы яго што, самі й стварылі, удвох? — выказала непаразуменьне Тацяна ў інтэрвію Свабодзе. — Бо побач не было ня толькі людзей з плякатамі ці сьцягамі — наагул нікога не было».

Іх запхнулі ў аўтобус і адвезьлі ў Ленінскае РУУС Менску. Жонку ўвечары адпусьцілі, бо ў хаце засталося непаўналетняе дзіця, а Дзяніса павезьлі ў турму нумар 8 гораду Жодзіна.

Хто такі Дзяніс Каляда

Дзяніс Каляда працаваў кансультантам юрыдычнага ўпраўленьня ў Міністэрстве фінансаў 8 гадоў. 17 жніўня ён падаў заяву кіраўніцтву аб далучэньні да страйку. 18 жніўня Дзяніса звольнілі зь ведамства.

«Я адмовіўся ў любым выпадку працягваць працу. Калі беларускія ўлады дазваляюць сабе не выконваць законы, то і я магу лічыць сябе свабодным ад выкананьня абавязкаў перад гэтай уладай», — сказаў раней Дзяніс у інтэрвію «Нашай Ніве».

Як затрымлівалі 13 верасьня

Тацяна Каляда расказала Свабодзе акалічнасьці здарэньня 13 верасьня:

«Мы гулялі з мужам удалечыні ад усіх шэсьцяў, са сьцягамі на плячах. У 14:50 мы ішлі па вуліцы Сьвярдлова каля скрыжаваньня зь Першамайскай. Побач спыніліся два мікрааўтобусы, выскачылі хлопцы ў чорным адзеньні і масках, без апазнавальных знакаў, прапанавалі «падвезьці да РУУС». Мы адмовіліся. Тады яны сказалі, што ў нас забароненая сымболіка. Чаму забароненая, кім — сказалі, што іхным кіраўніцтвам, і не змаглі растлумачыць, якім. Яшчэ сказалі, што мы ўдзельнічаем у несанкцыянаваным мітынгу».

Як заўважыла Тацяна, у пратаколах быў пазначаны нейкі Шыманоўскі, ягоныя паказаньні для розных людзей былі як пад капірку, усе «махалі сьцягамі, крычалі «Жыве Беларусь!» І нібыта ён асабіста затрымліваў і на Сьвярдлова, і на Кастрычніцкай, і ў іншых месцах.

Тацяна кажа, што яна пратакол не падпісала. Яе і іншых жанчын, якія мелі малых дзяцей, адпусьцілі.

«Нам аддавалі рэчы і выпускалі па трое, мяне выпусьцілі ў 21:40, — кажа Тацяна. — Так адпусьцілі 11 жанчын. Усяго ў Ленінскім РУУС было 50 затрыманых. 9 юнакоў, магчыма студэнтаў, павезьлі ў турму на Акрэсьціна, а астатніх мужчын рознага веку і адну дзяўчыну — у турму ў Жодзіна».

Дапамаглі валянтэры

Пад мурамі РУУС затрыманых чакалі валянтэры, Тацяна перадае ім велізарную ўдзячнасьць:

«Нас адразу ўкрылі пледамі, прапанавалі ваду, гарбату, печыва. Мне трэба было хутчэй да дзіцяці — і мяне адвезьлі дахаты. Увесь гэты час я добра трымалася, а ад гэткай салідарнасьці незнаёмых людзей расчулілася. Вялізны ім дзякуй!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG