Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўнівэрсытэце Бэнінгтана ў ЗША правялі акцыю салідарнасьці з засуджанай у Беларусі іх студэнткай. ФОТА


Салідарнасьць студэнтаў унівэрсытэту Бэнінгтана з Мартай Шчарбаковай
Салідарнасьць студэнтаў унівэрсытэту Бэнінгтана з Мартай Шчарбаковай

Студэнты і выкладчыкі ўнівэрсытэту Бэнінгтана ў штаце Вэрмонт правялі акцыю салідарнасьці з Мартай Шчарбаковай.

Беларуская навучэнка гэтай установы за апошнія дні была двойчы затрыманая на пратэстных акцыях у Менску і асуджаная на 8 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». З турмы на Акрэсьціна яе перавезьлі ў Жодзіна.

Онлайн-суд над Мартай Шчарбаковай
Онлайн-суд над Мартай Шчарбаковай

Цяпер у Бэнінгтане займаецца яе аднакурсьніца зь Менска Ульяна Шкель. Зь яе ініцыятывы студэнты вырабілі плякаты ў падтрымку Марты Шчарбаковай у колерах гістарычнай беларускай сымболікі. А на тэрасе галоўнага корпусу залунаў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.

У сваёй прамове прэзыдэнтка ўнівэрсытэту Лора Ўокер выказала падтрымку зьняволенай студэнтцы, абурыўшыся гвалтам з боку сілавых структураў.

Плякаты падтрымкі ад студэнтаў Бэнінгтану
Плякаты падтрымкі ад студэнтаў Бэнінгтану

Кіраўніца супольнасьці інтэрнацыянальных навучэнцаў Ара Аман падкрэсьліла, што Марта магла працягваць займацца, але сьвядома вярнулася ў Беларусь, каб змагацца за перамены. Гэтая ахвярнасьць уразіла і прымусіла больш пільна зьвярнуць увагу на сытуацыю ў Беларусі.

Адміністрацыя запэўніла, што будзе максымальна спрыяць сваёй беларускай студэнтцы і зь нецярпеньнем чакае яе вызваленьня і вяртаньня ва ўнівэрсытэцкія аўдыторыі. А студэнты прысьвяцілі сяброўцы «шалёны танец салідарнасьці».

Марта Шчарбакова падчас валянтэрства ў Сэнегале
Марта Шчарбакова падчас валянтэрства ў Сэнегале

Марта Шчарбакова — выпускніца Беларускага гуманітарнага ліцэя. Пасьля яго заканчэньня два гады вучылася ў Аб’яднаным сусьветным каледжы Паўднёва-Усходняй Азіі ў Сынгапуры. Паступіла ў унівэрсытэт Бэнінгтана, які спэцыялізуецца на мастацкіх дысцыплінах, але перад ад’ездам у ЗША ўзяла gap year і цягам году валянтэрыла ў Сэнегале.

Калі яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі на радзіме пачаліся жорсткія затрыманьні ўдзельнікаў мірных акцый, тэрмінова адляцела з Бэнінгтану ў Менск.

Першы раз яе затрымалі 6 верасьня разам з мамай Вікторыяй і сястрой Янай падчас нападу на калёну «Маршу адзінства» у раёне вуліцы Чабатарова. Восем гадзін Шчарбаковы правялі ў Заводзкім РУУС.

Другое затрыманьне ператварылася для Марты ў 8 сутак арышту.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG