Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітзьняволены Сяргей Скрабец прэзэнтаваў відэакліп на ўласную песьню «Жыве Беларусь!»


Сяргей Скрабец падчас адбыцьця пакараньня

Прадпрымальнік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітычны вязень у мінулым Сяргей Скрабец запісаў песьню на ўласны верш «Жыве Беларусь!» Дапамагалі яму музыкі гурту «ЖЗЛ», відэакліп 12 верасьня выкладзены ў YouTube.

Паводле Сяргея Скрабца, песьню ён напісаў яшчэ ў 2006 годзе ў Віцебскай турме пасьля таго, як АМАП жорстка разагнаў Плошчу. Але чаму да рэалізацыі справа дайшла толькі цяпер?

«Калі я выходзіў з турмы, усе мае запісы, мая кніга і тэкст песьні былі спаленыя ва ўнутраным двары турмы пад наглядам КДБ, — тлумачыць Свабодзе колішні вязень. — Верш я ўзнаўляў з памяці, калі ўжо быў на волі. А сёлетнія падзеі закансэрваваны працэс прысьпешылі... Я надзвычай удзячны Яўгену Новашу, Канстанціну Казлову, Максіму Шынкаруку, якія з энтузіязмам узяліся і дапамаглі даць жыцьцё маёй задумцы».

У кліпе Сяргей Скрабец пад бел-чырвона-белым сьцягам, відэашэраг суправаджаецца кадрамі пратэстаў розных гадоў, уключна з драматычнымі падзеямі сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.

Сяргею Скрабцу 56 гадоў, нарадзіўся ў Лідзе. У канцы 1990-х узначаліў гандлёвы дом «Бел-Бабаеўскае». Быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Уваходзіў у склад адзінай за ўсю гісторыю ніжняй палаты апазыцыйнай групы «Рэспубліка» разам з генэралам Валерам Фраловым і шматразовым алімпійскім чэмпіёнам Уладзімерам Парфяновічам.

«Мяцежныя дэпутаты» парлямэнцкай групы «Рэспубліка» Ўладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў, Сяргей Скрабец
«Мяцежныя дэпутаты» парлямэнцкай групы «Рэспубліка» Ўладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў, Сяргей Скрабец

Летам 2004 году правёў галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за вызваленьне палітвязьня, міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча. Актыўнасьць на чале «Рэспублікі» скончылася судом: быў асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня паводле эканамічных артыкулаў.

Двойчы спрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты, але ня быў зарэгістраваны. У 2001 годзе подпісы за яго прызналі несапраўднымі, а ў 2006-м знаходзіўся ў СІЗА і адтуль падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты і будучага вязьня Аляксандра Казуліна.

Былі пляны і на сёлетнюю кампанію, але з пэўных прычынаў давялося адмовіцца. Вось ужо 15 гадоў ён ня можа ўладкавацца на працу як дыплямаваны спэцыяліст. Прычына — «палітычнае мінулае».

Летась была прэзэнтаваная аўтабіяграфічная кніга Сяргея Скрабца, напісаная за кратамі, пад назвай «Кошт свабоды, ці Спавядальнасьць апазыцыйнага палітыка». За гэты твор ён быў уганараваны прэміяй ПЭН-Цэнтру і Радыё Свабода імя Францішка Аляхновіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG