Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адваката Калесьнікавай Ільлю Салея пакінулі пад вартай, пераводзяць у турму на Валадарскага


Адвакат Ільля Салей

Для Ільлі Салея, юрыста штабу Віктара Бабарыкі і аднаго з адвакатаў сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу Марыі Калесьнікавай, 11 верасьня абралі меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

Як паведаміў БелаПАН яго бацька і адвакат Васіль Салей, сёньня скончыліся 72 гадзіны з моманту затрыманьня сына, пасьля якіх мае быць прынята рашэньне вызваліць яго альбо ўзяць пад варту.

Ільля Салей мае статус падазраванага ў крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі»).

«З ізалятару часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна яго пераводзяць у СІЗА на вуліцы Валадарскага, — сказаў Салей-старэйшы. — Там ён будзе чакаць абвінавачаньня».

Ільлю Салея быў затрымалі раніцай 9 верасьня, у яго кватэры правялі вобшук. У гэты ж дзень у Менску па той жа крымінальнай справе затрымалі сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады юрыста Максіма Знака. Тады стала таксама вядома, што затрыманая напярэдадні на беларуска-ўкраінскай мяжы Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску. Увечары з санкцыі пракурора Калесьнікавай і Знаку абралі мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

Справу паводле ч. 3 арт. 361 КК распачалі па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака і Ілью Салея палітычнымі зьняволенымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG