Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхароў Хойнікаў аштрафавалі за незабаронены мітынг, на якім выступала кіраўніцтва раёну


Cуд супраць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў Хойніках, 11 верасьня

16 жніўня ў Хойніках Гомельскай вобласьці адбыўся мітынг. На яго сабраліся да 200 мясцовых жыхароў. Прыйшлі, каб адказаць на пытаньні людзей, старшыня райвыканкаму, начальнік міліцыі і пракурор. Яны запэўнівалі, што грамадзяне ня робяць нічога супрацьзаконнага. Але ўдзельнікаў акцыі пачалі судзіць.

Жыхары Хойнікаў абурыліся фальсыфікацыямі выбараў, гвалтоўнымі дзеяньнямі міліцыі і бязьдзеяньнем судоў і Сьледчага камітэту. Таму 16 жніўня і выйшлі на плошчу.

Да іх выйшаў старшыня райвыканкаму Анатоль Бандарэнка, начальнік РАУС Сяргей Жаўняк і пракурор раёну Андрэй Судом.

«Пракурор раёну сказаў на мітынгу, што ён нікому не забараняў зьбірацца на плошчы. Начальнік міліцыі сказаў, што ў нашых дзеяньнях няма парушэньня грамадзкага парадку. Старшыня райвыканкаму зазначыў, што гэта „ваш, наш мітынг“ і абяцаў, што раёнка напіша пра яго. Ніхто зь іх не папярэдзіў нас, што мітынг несанкцыянаваны! А цяпер пацягнулі ў суд», — пракамэнтаваў Ігар Кучараў.

Ён раней працаваў сьледчым, цяпер — юрысконсульт у адной з арганізацый.

Ігар Кучараў
Ігар Кучараў

11 верасьня Кучарава пакаралі штрафам 135 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усяго ў Хойніках судзяць за акцыю шэсьць чалавек. Два чалавекі ўжо атрымалі штрафы па 54 рублі.

Начальнік міліцыі і старшыня выканкаму на суд не прыйшлі

Ігар Кучараў патрабаваў, каб суд выклікаў сьведак — начальніка міліцыі, старшыню выканкаму і пракурора. Суд задаволіў хадайніцтва, але сьведкі на паседжаньне не прыйшлі.

Сьведчыла на судзе карэспандэнтка раённай газэты «Хойніцкія навіны» Вікторыя Мароз.

16 жніўня галоўная рэдактарка сказала ёй ісьці на плошчу, «там будзе мерапрыемства». Журналістка зрабіла здымкі і напісала ў сацыяльных сетках газэты, што ў Хойніках прайшоў мірны сход, улады адказалі на пытаньні мясцовых жыхароў.

«На мітынг прыйшла група людзей, якая адстойвала свае погляды. Усё было дастаткова мірна, ніхто ня кідаўся ў бойку, проста людзі стаялі на месцы з плякатамі, крычалі пэрыядычна „Жыве Беларусь“ і нічога супрацьзаконнага не рабілі. Задавалі пытаньні ўладзе, і яны адказвалі. Як па мне, то мітынг быў законны», — выказалася на судзе карэспандэнтка.

«У нас звычайна такія мерапрыемствы: вясельлі ды пахаваньні, мы на іх дазвол не бяром»

Мікалая Сьцешыца асудзілі 2 верасьня. Ён атрымаў дзьве базавыя штрафу.

Мікалай Сьцешыц
Мікалай Сьцешыц

«Я так разумею, што ўлады не хацелі нікога з нас караць. Але праз тыдзень пасьля акцыі, відаць, ім паступіла замова на нас. Яны толькі праз тыдзень зашавяліліся. На момант акцыі міліцыянты самі ня ведалі, санкцыянаваная яна ці не. На маім судзе міліцыянт так і сказаў, што даведаўся, што акцыя несанкцыянаваная, толькі праз тыдзень. Дык адкуль просты народ можа ведаць — дазволеная акцыя ці не, калі міліцыянты гэтага ня ведаюць? У нас такія звычайна мерапрыемствы — пахаваньні, вясельлі, мы на іх ні ў кога дазволу не пытаемся», — кажа Мікалай Сьцешыц.

Ігар Кучараў дадаў, што людзі сабраліся і 17 жніўня — на «ланцуг салідарнасьці». Але калі міліцыя папярэдзіла, што акцыя несанкцыянаваная, яны разышліся і больш не зьбіраліся.

«Улады — «суб’ект прафіляктыкі, ім можна хадзіць на мітынг»

«Паводле артыкулу 23 Закону аб міліцыі супрацоўнік міліцыі абавязаны спыніць правапарушэньне і папярэдзіць пра наступствы. На акцыі была міліцыя, але людзей ніхто не папярэдзіў, што нельга зьбірацца. Па законе аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні мясцовыя органы маюць права праводзіць сходы з грамадзянамі, абмяркоўваць розныя праблемы. Менавіта так і было 16 жніўня», — кажа Ігар Кучараў.

Ён пісаў запыт ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму пра ўдзел у мітынгу старшыні выканкаму, начальніка міліцыі і пракурора.

«Мне адказалі, што кожны зь іх — суб’ект прафіляктыкі, і на плошчы яны выконвалі захады для супрацьдзеяньня ўчыненьню правапарушэньняў. Такую норму прымяняць нельга, бо на момант іх удзелу правапарушэньне ўжо было зьдзейсьнена. Трэба было яго спыняць, а не прафіляктыку праводзіць», — лічыць мясцовы жыхар.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG