Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гумар — магутны мэханізм». Псыхоляг пра тое, як дапамагчы сабе і іншым у цяперашняй рэальнасьці


Затрыманьне ў Менску, 11 жніўня.
Затрыманьне ў Менску, 11 жніўня.

Пагутарылі з псыхолягам Аляксандрам Янкелевічам пра тое, як рэабілітаваць чалавека, які толькі выйшаў са зьняволеньня і перажыў катаваньні; каму цяпер сапраўды патрэбна дапамога і як усе перажываньні павярнуць у выгадны для сябе бок.

Па ўсёй краіне адкрываюцца групы псыхалягічнай дапамогі, але зьвяртаюцца ў асноўным тыя, хто быў сьведкай падзей, а ня самі пацярпелыя. І гэта цалкам нармальна. У тых, хто прайшоў празь зьняволеньне, траўмы і катаваньні, можа быць адчуваньне, што пакуль ніхто не дапаможа і трэба пабыць са сваімі роднымі, не высоўвацца, лічыць псыхоляг Аляксандар Янкелевіч.

«Псыхіка сама траціць нейкі пэўны час для таго, каб апрацаваць якую-небудзь падзею. І прамое псыхалягічнае ўмяшаньне ў выглядзе нейкіх тэхнік ня вельмі дарэчы на гэтым этапе. Дарэчы будзе проста падтрымліваць і даваць зразумець чалавеку, што дапамога, у тым ліку і прафэсійная, для яго магчымая», — кажа экспэрт.

Што адбываецца з арганізмам падчас траўмы

У нас ва ўсіх ёсьць сыстэма алярмічнага, хуткага рэагаваньня ў арганізьме, якая выкідвае пэўныя гармоны ў сытуацыі небясьпекі, тлумачыць псыхоляг. Бывае, што чалавек апынаецца ў нейкай вельмі складанай сытуацыі і ня мае магчымасьці даць ёй рады. Выкідваецца вельмі шмат гармонаў стрэсу, арганізм прыводзіцца ў баявую гатоўнасьць.

«Груба кажучы, вы гатовыя ўсім арганізмам бегчы, але вас зьвязалі і вы застаяцеся ў нерухомасьці. Гэтаксама і ў псыхалягічным сэнсе: вы гатовыя неяк адказаць, але ў вас няма для гэтага магчымасьці, вас зьневажаюць і гэтак далей, — тлумачыць псыхоляг. — І калі ідзе спалучэньне вострага стрэсу і бясьсільля, то атрымліваецца, што вось гэтая сыстэма сыгнальнага рэагаваньня (хутка бегчы або пачаць змагацца, ці неяк з гэтым справіцца) дае збой, яна сама сябе цыклюе, гармоны працягваюць выпрацоўвацца, але руху няма. Ад гэтага мы страчваем магчымасьць расслабляцца, адэкватна канцэнтравацца, у нас перастае рэгулявацца эмацыйны стан (гэта значыць, мы не суадносімся з рэальнасьцю), ён дзіўна скача: мы альбо наагул неадчувальныя, альбо псыхуем, плачам, гневаемся на роўным месцы».

Як дапамагчы чалавеку, які толькі выйшаў са зьняволеньня

«Вельмі простыя рэкамэндацыі. Калі чалавек курыць — даць цыгарэту. Сагрэць, быць побач, але асабліва ня лезьці; быць спагадлівым. Пастарацца вызваліць яго ад нейкіх спраў. Прысутнасьць, неназойлівы кантакт. Трэба паспрабаваць, са свайго боку, з уласнай трывогай спраўляцца самому, не затапляць чалавека, не пытацца кожную сэкунду „Што з табой?“. Гэта стандартныя рэкамэндацыі для супервострага стрэсу, у якім знаходзіцца чалавек. Далей ён паволі будзе адыходзіць, і пасьля, у ідэале, мусіць пачацца прафэсійная праца зь ім (псыхоляга, псыхатэрапэўта. — РС)».

Пазьней варта далучаць цялесныя практыкі, асабліва групавыя, дзе ёсьць сынхроннасьць зь іншымі людзьмі, тлумачыць Аляксандар. Падыдуць усе аднаўляльныя практыкі — ёга, тэатар, галасавыя, харавыя сьпевы і іншае.

«Гумар — магутны мэханізм перапрацоўкі»

Шмат людзей, калі пачынаюць расказваць пра зьдзекі і катаваньні зь іх, жартуюць. Гэта не ахоўная рэакцыя, а хутчэй спроба палегчыць перажываньні.

«Я сустракаў свайго сябра, які толькі выйшаў, якраз каля Акрэсьціна, ён таксама вельмі весела пра ўсё гэта апавядаў. Я думаю, што гумар — вельмі магутны мэханізм перапрацоўкі. Калі чалавек жартуе, ён сапраўды перапрацоўвае гэты досьвед у нешта даступнае і зразумелае, і непагрозьлівае».

«Мне яшчэ пашанцавала»

Месяц пратэстаў прайшоў, але пачуцьцё віны не зьнікае. І яно ёсьць амаль ва ўсіх, але асабліва моцнае ў затрыманых. Менавіта яны пасьля апавядаюць, што самае страшнае было не калі зьдзекаваліся і катавалі іх, а калі яны чулі крыкі і стогны людзей за сьценамі, бо ніяк не маглі ім дапамагчы.

«Гэта сапраўды цяжкае перажываньне. У нейкім сэнсе яно ўзмацнілася ва ўсіх нас, таму што мы непасрэдна кантактуем з патокам інфармацыі і вельмі ў многіх абвастрыліся трывожнасьць і пачуцьцё віны і недастатковасьці ўключэньня. Многія, хто выйшаў з Акрэсьціна і іншых месцаў, кажуць, што „Мне яшчэ пашанцавала“, то бок зьніжаецца норма. Я б у такіх выпадках зьвяртаўся па прафэсійную дапамогу».

Аляксандар падкрэсьлівае, што час патрэбен і для таго, каб справіцца з пачуцьцём бездапаможнасьці.

«Адэкватна сытуацыі цяпер баяцца „атрымаць“ на вуліцы, тым больш чалавек, які другі раз можа трапіць [за краты]. Людзі, якія не пацярпелі, маюць падобныя страхі, і таксама нельга сказаць, што гэта неразумна. Я б даў час, каб наогул зрабіць высновы аб бездапаможнасьці».

Зь іншымі выпадкамі траўмы, бясьсільля, дзе чалавек засвойвае бездапаможнасьць, у добрым выпадку давядзецца доўга працаваць з тэрапэўтам і паступова аднаўляць свой кантакт з гневам, кажа псыхоляг.

«Той жа гнеў пастаянна абарочваецца то на сябе, то яшчэ кудысьці, не знаходзіць выйсьця. Варта знайсьці сымбалічную фігуру і вучыцца гнеў перанакіроўваць зь сябе на яе і такім чынам выпраўляць становішча, гэта адзін са спосабаў паволі пазбаўляцца ад бездапаможнасьці», раіць ён.

Траўма сьведкі

«Можна гаварыць пра моцную эмацыйную ўражлівасьць і актуалізацыю нейкіх уласных станаў, зь якімі мы ў звычайным жыцьці сутыкаліся. Але пра траўму — гэта нешта празьмернае. Я б такога не сьцьвярджаў», — кажа Аляксандар.

Каб палегчыць свой эмацыйны стан, псыхоляг раіць больш дзяліцца зь сябрамі, абмяркоўваць падзеі зь нейкімі людзьмі. Варта таксама рабіць «дні дэтоксу», усьведамляючы, што вы такім чынам ня «сходзіце з дыстанцыі», а наадварот, назапашваеце сілы.

«Я не прыхільнік таго, што трэба наогул адцягвацца ад усёй гэтай інфармацыі, таму што гэта наша цяпер рэальнасьць. Яна кожную сэкунду зьмяняецца, і ад таго, куды яна зьмяняецца, вельмі моцна залежыць канкрэтнае наша жыцьцё, пачынаючы ад эканамічных пытаньняў і заканчваючы каштоўнаснымі, псыхалягічнымі. Я думаю, што дапамогуць сувязь, зносіны».

Псыхоляг упэўнены, што ў гэтым стане эмацыйнага дысбалянсу ёсьць дастаткова моцны рэсурс, бо гэта не хранічны стан, як, напрыклад, дэпрэсія. Гэта востры стан, у якім можна на самай справе пры пэўнай долі шанцунку многае для сябе зрабіць, каб рэальна выйсьці з гэтага іншым чалавекам.

«Праз наша паўваеннае становішча многія людзі кажуць, што звычайныя праблемы, зь якімі яны сутыкаліся (нявысьветленыя адносіны з былым партнэрам, сумневы з нагоды таго, куды мне ісьці і што рабіць), раптам перасталі быць актуальнымі і імгненна самі вырашыліся. Альбо яны настолькі робяцца вострымі, як пытаньні самавызначэньня (напрыклад, хачу я дапамагаць ці не?), што калі іх цяпер вырашаюць, то гэта вельмі добры крок наперад у хранічных праблемах, якія са мной усё жыцьцё».

«У цяперашняй сытуацыі шмат усяго складанага, але пазытыўны аспэкт, што яна можа быць псыхалягічна вельмі выгаднай для многіх з нас, — кажа псыхоляг Аляксандар Янкелевіч. — Ня варта баяцца нейкіх перажываньняў. Яны заўсёды ёсьць, але ў больш чыстым выглядзе. І гэта жыцьцё. Для мяне „траўма сьведкі“ выглядае нібыта грамадзтва, якое наогул не павінна дакранацца да чагосьці такога эмацыйнага, і яны вось нешта такое значнае пабачылі. Думаю, гэта таксама не зусім правільна, мы ўсё ж такі кантактуем з рэальнасьцю, і наша рэальнасьць цяпер такая».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG