Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Кузьнечык з сынам адмаўляецца пакідаць тэрыторыю амбасады Швэцыі, спасылаючыся на палітычны перасьлед
Віталь Кузьнечык з сынам адмаўляецца пакідаць тэрыторыю амбасады Швэцыі, спасылаючыся на палітычны перасьлед

34-ы дзень пратэстаў. «Беларуськалій» супраць страйкаму. Арышт экс-журналіста АНТ. Віцябляне схаваліся ў амбасадзе Швэцыі

14:40 11.9.2020

Актыўных рабочых спрабуюць «папярэдзіць» аб экстрэмізьме. Юрыст: «Можна не падпісваць»

Супрацоўнікі аднаго зь менскіх прадпрыемстваў расказалі Свабодзе, што сілавікі аб’яжджаюць людзей паводле нейкага сьпісу. Мужчына мяркуе, што на прадпрыемствах і ў іншых працоўных і навучальных калектывах складаюць сьпісы людзей, на якіх можна ўзьдзейнічаць такога кшталту «папярэджаньнямі».

«Я сказаў, што нават кропку на гэтай паперы не пастаўлю, — кажа ён. — Мой таварыш напісаў, што ён з гэтай паперай ня згодны. Але трэба ўсіх папярэдзіць, што падпісваць такую паперу небясьпечна».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што падпісваць падобны дакумэнт у людзей абавязку няма, і адмова ад падпісаньня ня мусіць мець аніякіх прававых наступстваў.

Чытаць далей.

14:34 11.9.2020

Сілавікі і «людзі ў цывільным» атачылі амбасаду Швэцыі ў Менску

Сьцьвярджаецца, што два чалавекі прыйшлі да дыпляматычнага прадстаўніцтва гэтай скадынаўскай краіны, каб папрасіць палітычнага прыстанішча за перасьлед беларускімі ўладамі.

Аднак сьледам да будынку прыехалі прадстаўнікі праваахоўных структураў, якія паспрабавалі перашкодзіць пацярпелым ад рэжыму. Паводле інфармацыі Свабоды, сілавікі сапраўды прыйшлі да амбасады Швэцыі і ходзяць вакол яе, некага чакаюць.

У амбасадзе Швэцыі ў Менску пакуль не камэнтуюць сытуацыю.

Як паведамляе «Белсат», на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску знаходзіцца жыхар Віцебску Ўладзіслаў Кузьміч разам з бацькам Віталём.

Паводле яго, іх спрабавалі затрымаць на акцыі 6 верасня ў Віцебску, пырснулі ў вочы слезацечным газам, білі дубінкамі. Сын здолеў вызваліць бацьку, але, баючыся пераследу, Кузьмічы чатыры дні хаваліся. Сёння яны паспрабавалі патрапіць у амбасаду Швецыі ў Менску, каб папрасіць прытулку. Паколькі іх не пусцілі, яны пераскочылі праз плот на тэрыторыю дыппрадстаўніцтва.

13:57 11.9.2020

Прэзыдэнт Літвы: «Санкцыйны сьпіс Эўразьвязу без Лукашэнкі варты ўсьмешкі»

Гітанас Наўседа ў інтэрвію агенцтву BNS заявіў аб патрэбе праграмы падтрымкі Беларусі пасьля сыходу Лукашэнкі з улады. Ён расказаў таксама:

➖ пра эўрапейскія санкцыі;
➖ пра залежнасьць Лукашэнкі ад Расеі;
➖ пра пазыцыю Пуціна ў беларускім канфлікце;
➖ пра падтрымку Ціханоўскай;
➖ пра выйсьце з канфлікту ў Беларусі.

Чытаць кароткі пераказ

13:54 11.9.2020

«Гумар — магутны мэханізм». Псыхоляг пра тое, як дапамагчы сабе і іншым у цяперашняй рэальнасьці

Пагутарылі з псыхолягам Аляксандрам Янкелевічам пра тое, як рэабілітаваць чалавека, які толькі выйшаў са зьняволеньня і перажыў катаваньні; каму цяпер сапраўды патрэбна дапамога і як усе перажываньні павярнуць у выгадны для сябе бок.

«Псыхіка сама траціць нейкі пэўны час для таго, каб апрацаваць якую-небудзь падзею. І прамое псыхалягічнае ўмяшаньне ў выглядзе нейкіх тэхнік ня вельмі дарэчы на гэтым этапе. Дарэчы будзе проста падтрымліваць і даваць зразумець чалавеку, што дапамога, у тым ліку і прафэсійная, для яго магчымая».

Чытаць цалкам

13:29 11.9.2020

Гомельскія студэнты выйшлі ў падтрымку затрыманага выкладчыка

Каля Гомельскага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Паўла Сухога праходзіць акцыя ў падтрымку выкладчыка Вадзіма Бельскага, якога затрымалі тут ранкам за адзіночны пікет.

Вядома, што пасьля завяршэньня акцыі затрымалі пра студэнтку 2 курсу Мілану Яўрэінаву.

13:27 11.9.2020

Студэнты павіншавалі Ціханоўскую з днём нараджэньня

Пад МДЛУ павіншавалі «Mrs. President» Сьвятлану Ціханоўскую з днём народзінаў. Відэа ад чытачоў.

13:25 11.9.2020

Суд «Беларуськалій» супраць страйкаму. Як звальнялі сустаршыню страйкаму Бокуна

Вольга Палагіна, начальніца аддзелу кадраў 1-га рудніка, расказала ў судзе паводле пазову «Беларуськалій» супраць страйкаму, пра сход, які прайшоў на прадпрыемстве 17 жніўня.

«Людзі прыйшлі на сход ў працоўнай форме, не працавалі гадзіны дзьве, нешта абмяркоўвалі на пляцоўцы», — сказала Вольга Палагіна пра падзеі.

Паводле яе, 18 жніўня ў сходзе і страйку ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў работнікаў рудаўпраўленьня. Вольга Палагіна сказала, што сярод работнікаў рудаўпраўленьня дагэтуль ёсьць тыя, хто не працуе, бо далучыліся да страйку з палітычнымі патрабаваньнямі. Яна прызнала, што адміністрацыя атрымала патрабаваньні «ў асноўным палітычнага характару». Гэтыя патрабаваньні былі падпісаныя сустаршынём страйкаму Анатолем Бокунам.

Вольга Палагіна сказала пра Бокуна, што 20 жніўня яго звольнілі за прагул, зроблены ім у той дзень.

«У Бокуна пісьмовых тлумачэньняў аб прагуле не ўзялі, ён сказаў па тэлефоне, што „ён працуе ў страйкаме“. Пра гэта быў складзены акт, на падставе якога яго звольнілі», — сказала начальнік аддзелу кадраў 1-га рудніка «Беларуськалію» Вольга Палагіна.

Анатоль Бокун адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

13:23 11.9.2020

Суд «Беларуськалій» супраць страйкаму. Колькіх ужо звольнілі?

Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі, начальнік аддзелу 2-га рудніка прадпрыемства Аляксандар Гірэль паведаміў, што з рудніка звольнілі 3 работнікаў, якія не зьяўляіся на працу падчас страйку. Пры гэтым ён прызнаў, што яму невядома, ці ўдзельнічалі гэтыя людзі ў страйку. Паводле Аляксандра Гірэля, 18 жніўня на рудніку адбыўся сход з удзелам больш за 200 чалавек.

Намесьніца дырэктара ў ідэалёгіі, загадчыца аддзелу кадраў 4-га рудніка Тацяна Мінюковіч сказала, што з рудніка на сёньня звольнілі 7 чалавек, якія не зьяўляліся на працу. «Ад усіх іх тлумачэньняў няма».

13:20 11.9.2020

На «Беларуськаліі» ў жніўні страйкаваў 671 працаўнік

У Менскім абласным судзе праходзіць суд «Беларуськалія» супраць страйкаму.

Начальнік юрыдычнага адзьдзела «Беларуськалія» Андрэй Кісялёў назваў лічбы работнікаў, якія страйкавалі 17 і 18 жніўня. Паводле ягоных слоў, 17 жніўня страйкавалі 120 працаўнікоў, 18 жніўня — 671. Паводле Кісялёва, «некаторыя працаўнікі не выходзяць на працу дагэтуль».

Намесьнік гендырэктара «Беларуськалія» па вытворчасьці Алег Чэркас распавёў у Менскім абласным судзе пра страты, якія «Беларуськалій» панёс падчас страйку 17 і 18 жніўня.

«У гэтыя дні тры з чатырох руднікаў былі спыненыя», — прызнаў Алег Чэркас. Паводле яго, дагэтуль некаторыя працаўнікі не зьяўляюцца на працу, але прычыны яму невядомыя.

«Па высьвятленьні прычын адсутнасьці гэтых працаўнікоў па ім будзе прымацца рашэньне», — сказаў Алег Чэркас.

Па словах Чэркаса, «тыя аб’ёмы недапастаўленай прадукцыі, якія не былі выкананыя ў жніўні, пераарыентаваныя на верасень».

13:12 11.9.2020

«Бунтароў тэрмінова адправілі ў службовыя выправы». Лукашэнка прыехаў у Акадэмію навук пад аховай аўтазакаў

Аляксандар Лукашэнка наведаў Нацыянальную акадэмію навук і сустрэўся з навукоўцамі. Але не з усімі.

Як гавораць супрацоўнікі, адбор кандыдатаў быў жорсткім — месяц таму навукоўцы масава далучыліся да патрабаваньняў адстаўкі Лукашэнкі і масава сталі ў пікеты салідарнасьці.

«Напярэдадні візыту асабліва небясьпечных юунтароў тэрмінова адправілі ў двухдзённыя службовыя выправы, — кажа Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі Іван Сіўцоў, чыё падразьдзяленьне далучанае да касьмічных праектаў. — Таму да цела дапусьцілі толькі з людзей з праверанага пула. Меры бясьпекі, само сабой, максымальныя. Пад кожным слупом ціхар, аўтазак са сьцягам у двары, бусы без нумароў. Зьбіраліся нават зачыніць будынкі інстытутаў, каб супрацоўнікі не выходзілі на вуліцу».

Аляксандар Лукашэнка заявіў навукоўцам пра моладзь:

«Яны могуць ня ведаць усіх нягодаў ліхіх 1990-х, хоць пра гэта маглі б расказаць бацькі. Сумна, што нашых дзяцей цягнуць на вуліцы. Яны наіўна вераць, што дзеля сьветлай будучыні дапушчальна разбурыць сучаснасьць, што можна падзяліць людзей на правільных і няправільных, загубіць эканоміку, ва ўгоду чужым інтарэсам адрачыся ад усяго добрага, што зроблена за гады незалежнасці. Але жыцьцё — ня ролік з інтэрнэту. Назад не адкруціць», — падсумаваў Лукашэнка.

13:02 11.9.2020

Былога кіраўніка пулу Лукашэнкі Семчанку асудзілі на 15 дзён арышту

Былога кіраўніка прэзыдэнцкага пулу журналістаў і аглядальніка каналу АНТ затрымалі 10 верасьня. Яго забралі з дому «людзі ў цывільным», сказалі, што «правераць, ці ўдзельнічаў ён у незаконных масавых мерапрыемствах».

Ён правёў ноч на Акрэсьціна, сёньня суд Фрунзэнскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Жонка: «Мы маральна былі гатовыя»

12:07 11.9.2020

Ціханоўская: Дыялёг павінен распачацца да 5 лістапада, бо пасьля Лукашэнка губляе легітымнасьць

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі дала інтэрвію ўплывовай польскай газэце «Rzeczpospolita». Са Сьвятланай Ціханоўскай размаўляў галоўны рэдактар выданьня Богуслаў Хработа.

Вось яе некаторыя заявы:

  • Я бачу, што Пуцін яго падтрымлівае, але ня вельмі актыўна. Ён не выслаў вайскоўцаў, а пакуль стаіць і назірае.
  • Мы хочам жыць, як на Захадзе. Але мы разумеем, што Расея — гэта прызная нам дзяржава, гэта прыязны нам народ.
  • Дыялёг павінен распачацца да 5 лістапада, калі ў Лукашэнкі сканчваюцца паўанмоцтвы. Пасьля гэтай тады яго загады ня маюць юрыдычнай сілы.
  • Мы будзем і далей дзейнічаць празь мірныя акцыі пратэсту і забастоўкі. Сваёй пагардай да яго. Мы не адступім і рана ці позна яму давядзецца сысьці.
  • Улады не гатовыя да дыялёгу, таму ня выключана, што ў найбліжэйшай будучыні нам давядзецца зьвярнуцца да суседніх дзяржаваў па дапамогу ў пасярэдніцтве.
  • Неўзабаве мы арганізуем паездкі, каб інфармаваць грамадзкую думку (у сьвеце) пра тое, што адбываецца ў нашай краіне
  • Неабходныя пэрсанальныя санкцыі супраць адказных за рэпрэсіі: забарона на ўезд і замарожваньне банкаўскіх рахункаў. Сьпіс ЭЗ павінен быць пашыраны.
  • Спачатку я спалохалася, што страйкі прывядуць да крызісу. Але беларусы кажуць, што гатовыя некаторы час ператрываць крызіс, бо ведаюць што свабода не ацэньваецца грашыма

11:46 11.9.2020

Вольга Кавалькова і Сьвятлана Ціханоўская запісалі супольны відэазварот

Яны расказалі пра ціск на Каардынацыйную раду: арышты, пагрозы, выдварэньне за мяжу. Але заявілі, што Раду гэта ня спыніць, і заклікалі далучацца да яе. Праца Рады будзе арганізаваная «ў межах агульнанацыянальнага руху» і «ў межах закону».

11:34 11.9.2020

RT прызнаў, што ў Беларусі цяпер 32 іх супрацоўнікі, ня лічачы Sputnik

Кіраўніца RT Маргарыта Сіманьян на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам

У афіцыйным Telegram-канале падкантрольнага расейскаму ўраду выданьня зьявілася паведамленьне пра колькасьць работнікаў у Беларусі (архіўная копія).

Супрацоўнікі каналу, сьцьвярджае RT, «кансультуюць беларускіх калегаў» «гэтаксама, як рабілі гэта ў Тунісе, Вэнэсуэле, на Кубе», але афіцыйна «ніхто з супрацоўнікаў RT на беларускай ТВ не працуе».

Лукашэнка прызнаваў тры тыдні таму, што запрасіў расейцаў на БТ пасьля таго, як некаторыя з супрацоўнікаў тэлекампаніі, «якіх ён на руках насіў», «выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць». Але тады ён казаў, што «гэта 6 або 9 чалавек»

11:22 11.9.2020

Віцэ-старшыня Бундэстагу патрабуе, каб да беларускіх вязьняў дапусьцілі прадстаўнікоў ААН і Чырвонага Крыжа

Адна зь вядучых палітыкаў партыі «зялёных» у Нямеччыне, віцэ-старшыня Бундэстагу Клаўдзіа Рот уступілася за Марыю Калесьнікаву, паабяцаўшы ўзяць яе пад сваю апеку і дамагацца яе вызваленьня.

Нямецкі палітык у інтэрвію DW адзначыла, што Марыя Калесьнікава – толькі адна з соцень і тысяч затрыманых у Беларусі. «Мы патрабуем доступу туды для прадстаўнікоў ААН і Чырвонага Крыжа, а таксама для адвакатаў і дыпляматаў. Я б асабіста патрабавала, каб амбасадар ФРГ у Беларусі атрымаў доступ да тых, каго апякаюць дэпутаты парлямэнту Нямеччыны. Калесьнікава – не адзіная».

У Бундэстагу ёсьць адмысловая праграма – дэпутаты бяруць пад апеку людзей, якія былі арыштаваныя паводле палітычных прычынаў, і «бяруць на сябе абавязацельствы клапаціцца пра гэтых людзей, рабіць гэтыя выпадкі публічнымі.

11:17 11.9.2020

У Гомлі пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў акцый пратэсту і журналістаў

Ранкам 11 верасьня ў Гомлі пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў акцый пратэсту і журналістаў. Быў затрыманы разам з жонкай журналіст-фрылансэр Андрэй Толчын, як яны толькі выйшлі з дому. Пазьней жонку Кацярыну вызвалілі, а фрылансэра павезьлі ў Савецкі РАУС, паведаміў Свабодзе грамадзянскі актывіст Уладзімер Кацора.

«Мусіць, ідзе „зачыстка“ перад заплянаванай у нядзелю акцыяй пратэсту», — мяркуе Кацора.

Праваабаронца Леанід Судаленка зазначыў, што з раніцы яму патэлефанавалі ўжо шэсьць чалавек, да якіх прыйшла міліцыя. Траіх зь іх затрымалі. Гэта ўдзельнікі акцый пратэсту ў Гомлі, у тым ліку і тыя, якія ўжо былі арыштаваныя за падзеі 9-11 жніўня.

Актывіст Алег Левянец паведаміў Свабодзе, што яго шукае міліцыя, — супрацоўнікі РАУС прыходзілі да яго дахаты. Актывіста дома не было. Міліцыянты пыталіся ў маці, дзе ён.

11:01 11.9.2020

Беларускія навукоўцы і творцы зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці

«Мы ўпэўненыя, беларускае грамадзтва гатовае самастойна вырашаць будучыню сваёй краіны і спадзяемся на ваша садзейнічаньне ў ініцыяваньні перамоўнага працэсу паміж Каардынацыйнай радай і з прадстаўнікамі дзейнай улады. Толькі мірныя перамовы змогуць вярнуць краіну ў рэчышча законнасьці і прыхільнасьці гуманістычным каштоўнасьцям», – гаворыцца звароце.

Аўтары звароту пералічваюць патрабаваньні: спыненьне гвалту, вызваленьне палітвязьняў і новыя прэзыдэнцкія выбары.

Зварот адкрыты для подпісу, пад ім ужо падпісаліся пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Дзьмітры Строцаў, Тацяна Нядбай, Сяргей Харэўскі, выдавец Ігар Логвінаў ды іншыя.

10:49 11.9.2020

У Гомлі затрымалі выкладчыка ўнівэрсытэту за адзіночны пікет

Ранкам каля Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Паўла Сухога затрымалі выкладчыка інфарматыкі. Пра гэта Свабодзе паведамілі студэнты, якія сталі сьведкамі затрыманьня.

«Вадзім Бельскі – выкладчык інфарматыкі, ён кандыдат эканамічных навук. Ён выйшаў падтрымаць шахтара, які прыкаваў сябе ўчора кайданкамі на «Беларуськаліі». Яго практычна адразу затрымала міліцыя», – удакладніў адзін са студэнтаў.
Цяпер выкладчык знаходзіцца ў першым аддзяленьні міліцыі Савецкага РАУС. Там адмаўляюцца сказаць, за што менавіта затрыманы Вадзім Бельскі.

Студэнты плянуюць сабрацца ў падтрымку выкладчыка каля ўнівэрсытэту.

10:45 11.9.2020

Прынамсі чатырох чалавек затрымалі перад судом «Беларускалію» супраць страйкаму

Перад пачаткам працэсу ў Менскім абласным судзе жорстка затрымалі як мінімум 4 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць бастуючых гарнякоў.

У судовую залю упусьцілі ў асноўным журналістаў. Для большасьці тых грамадзянаў, якія зьбіраліся прайсьці на працэс, няма месцаў, бо уведзеныя абмежаваньні з-за каранавірусу.

У залі былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў.

XS
SM
MD
LG