Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаў падлетак, які са Сьледчага камітэту трапіў у шпіталь


17-гадовы Цімур, якога 12 жніўня падчас пратэстаў зьбілі так, што спатрэбіліася штучная кома, 10 верасьня зьнік з 2-й дзіцячай клінікі Менску, паведамляе пошукава-ратавальны атрад «Анёл».

10 верасьня падлетка перавялі з рэанімацыі ў звычайнае аддзяленьне. Неўзабаве пасьля гэтага ён прапаў.

«Праз 12 хвілін [пасьля пераводу] ён пайшоў мэтанакіравана да дзяўчыны ў белым плашчы зь мядзьведзем у руках. У гэты дзень да яго прыходзіла толькі сястра і адвакат. Гэта па відэакамэры было [відаць]», — расказала ў камэнтары Mediazona.by сваячка Цімура.

Па яе словах, Цімур сышоў разам з гэтай дзяўчынай, прычым у яго не было з сабой нават мабільнага тэлефона. Яна думае, што хлопец «ведаў, куды ісьці».

Сямʼя Цімура падала ў міліцыю заяву аб яго зьнікненьні.

Паводле звестак Kyky.org, хлопца вывезлі з Беларусі. Крыніца блогера Антона Матолькі сьцьвярджае, што юнак знаходзіцца ў бясьпецы.

17-гадовы Цімур М., якога жорстка пабілі ў Партызанскім РУУС і якога ўвялі ў штучную кому, бо ня мог дыхаць, 3 верасьня са Сьледчага камітэту пад канвоем трапіў у шпіталь. У падлетка былі моцныя панічныя атакі.

СК сьцьвярджае, што падчас вывучэньня шматлікіх запісаў камэраў відэаназіраньня сьледчыя вызначылі, што 17-гадовы Цімур М., які запаў у кому пасьля жорсткага зьбіцьця амапаўцамі, знаходзіўся «ў эпіцэнтры масавых беспарадкаў» 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску. Акрамя гэтага, паводле СК, сьледчыя выявілі дачыненьне Цімура М. да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ, які прыехаў эвакуаваць няспраўны тралейбус. На некаторых кадрах, выстаўленых Сьледчым камітэтам, няма даты відэаздымкі. Нават на першы погляд відаць нестыкоўкі: у пераходзе мэтро хлопец ідзе ў ярка-жоўтай спартовай курцы паверх тэніскі ў чырвона-чорную палоску. Дата і час здымак не пазначаныя. На наступных кадрах нібыта на вуліцы хлопец бяз курткі. Кадры пазначаныя датай 10 жніўня, часам 22.47 і 23.05.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG