9 верасьня памёр Генэк Лёска, польскі рок- і блюз-выканаўца беларускага паходжаньня. Яму было 45 гадоў.
Пра гэта паведаміў Польскі музычны фонд (Polska Fundacja Muzyczna), які зьбіраў ахвяраваньні на лячэньне музыкі.
У траўні 2018 году ў Генэка Лёскі, які якраз наведваў маці ў Белаазёрску ў Беларусі, здарыўся масіўны інсульт. З таго часу музыка быў пад апекай маці, лекараў, фізіятэрапэўтаў і масажыстаў. Выдаткі, зьвязаныя зь лячэньнем, аплачваў Польскі музычны фонд.
Генэк Лёска (Генадзь Лоска) стаў вядомым у Польшчы пасьля перамогі ў музычным шоў X-Factor у 2011 годзе. Выдаў тры альбомы разам з гуртом Seven B і два альбомы з гуртом Gienek Loska Band. Ягоная плыта Hazardzista (2011) атрымала званьне залатой.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com