Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка Калесьнікавай: «Марыя ня з тых людзей, на якіх такія абставіны могуць паўплываць і пераламаць іх пункт гледжаньня»


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Адвакатка Марыі Калесьнікавай Людміла Казак распавяла Свабодзе пра працэсуальны статус і ўмовы ўтрыманьня яе падабароннай у менскім СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага.

УЖЫВУЮ Месяц пратэстаў. Калесьнікава на Валадарскага. Ціханоўская ў Варшаве. Знака затрымалі. Ператрусы ў Каардынацыйнай радзе

Пра зьняволеньне Марыі Калесьнікавай яе абаронцы даведаліся ад бацькі, якому патэлефанавалі са сьледчых органаў. Адвакатка Людміла Казак 9 верасьня наведала Калесьнікаву ў сьледчым ізалятары.

Адвакатка паведаміла, што Калесьнікава зьяўляецца падазраванай па справе аб закліках да захопу дзяржаўнай улады паводле артыкула 361.3 Крымінальнага кодэксу, пакараньне па якім складае да 5 гадоў зьняволеньня.

— Абвінавачаньня няма, будзе яно ці не, залежыць ад працы сьледзтва. На гэта ёсьць 10 дзён для прад’яўленьня. Калі ж гэтага ня будзе, то яе павінны будуць вызваліць.

— Якое яе здароўе і самаадчуваньне пасьля выкраданьня, падзей на мяжы і затрыманьня?

— Самаадчуваньне яе збольшага ў парадку, але, канечне, такі стрэс яна перажыла, і ўмовы яе знаходжаньня цягам апошніх некалькіх дзён былі ня лепшыя. Калі ёй была патрэбная мэдычная дапамога, яна яе атрымлівала. Нараканьняў тут няма. А яна сапраўды зьвярталася па мэдычную дапамогу, ціск быў падвышаны, сэрца пабольвала".

— Ці прызнае яна сябе ў нечым вінаватай?

— Яшчэ яе ніхто не дапытваў, таму яна свайго стаўленьня ніяк не выказвала. Такія пытаньні задаюць, калі выстаўляюць абвінавачаньне. Калі чалавек падазраваны, такіх пытаньняў не задаюць. Допытаў не было.

— Якія ўмовы яе ўтрыманьня?

— Яна знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, у агульнай камэры з шасьцю жанчынамі. Я думаю, што яна справіцца з такімі не зусім добрымі ўмовамі. Можа, нешта памяняецца бліжэйшым часам, пабачым. Я ў камэры не была, але там умовы, як ва ўсіх камэрах у нашым СІЗА. Камфорту там мала. Але ніякіх прэтэнзій яна не выстаўляла, таму я гэтую тэму не разьвіваю.

— Хто яе затрымліваў: КДБ ці МУС?

— Гэтае пытаньне застаецца незразумелым. Таму што ніякіх дакумэнтаў аб затрыманьні ў яе няма. Няясна, хто яе затрымліваў, на падставе чаго і калі. Яна сама гэтага ня ведае, прынамсі дакумэнтальна. Справу вядзе Сьледчы камітэт.

— Што зь яе пашпартам, яна прызналася, што парвала яго?

— Так, яна яго сама парвала, каб ня быць выдваранай за межы Рэспублікі Беларусь. Яна мне прызнала гэты факт.

— Як паўплываў гэты арышт і захоп невядомымі на яе жыцьцёвую пазыцыю?

— Я бачу, што яна ня з тых людзей, на якіх могуць такія абставіны неяк паўплываць і пераламаць іх пункт гледжаньня. Таму ўсё, што яна раней заяўляла, усё яна падтрымлівае і ні ад чога не адмаўляецца.

— Ці вядома, хто яе захапіў 8 верасьня і запхнуў у машыну «Сувязь»?

— Гэта ўсё асобы, якія не прадстаўляліся, былі ў масках, як гэта прынята апошнім часам. Устанавіць, што гэта было за ведамства, цяжка. Можна толькі здагадвацца.

— Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў казалі ў Кіеве, што яе забіралі з будынку КДБ, каб везьці на мяжу?

— Усё, што яны казалі, гэта ўсё адпавядае рэчаіснасьці. Яна пацьвярджае гэта.

— Калі чакаюцца допыты?

— Ня маю ўяўленьня. Яшчэ ніхто афіцыйна не ўведамляў абарону, што адбыліся зьмяненьні і што ёсьць падазраваныя па гэтай справе. Мы пра гэта даведваліся выпадкова. Пазванілі тату і паведамілі, а тата паведаміў абаронцам, якія яе шукалі доўга і беспасьпяхова. Калі допыты пойдуць, то нас будуць выклікаць.

— Можна ёй пісаць лісты і перадаваць перадачы?

— Так, на адрас СІЗА нумар 1 у Менску, вуліца Валадарскага, 2А. А бацька яе рыхтуе перадачы з усім неабходным. Яны прымаюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG