Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск прадставіў АБСЭ і Маскве свой плян выхаду з крызісу


Менск настойвае на тым, што выйсьці зь цяперашняга палітычнага крызісу можна, толькі прыняўшы новы варыянт Канстытуцыі, паслабіўшы прэзыдэнцкую ўладу. Прапануецца зрабіць гэта да 2022 году і пасьля правесьці ўсеагульныя перавыбары, паведамляе РБК.

Плян беларускіх уладаў уключае ў сябе правядзеньне канстытуцыйнай рэформы да 2022 году, паслабленне ўлады прэзыдэнта на карысць ураду і парлямэнту і паўторныя выбары прэзыдэнта і парлямэнту пасьля прыняцьця паправак у Асноўны закон.

28 жніўня ў Вене, на спэцыяльным пасяджэньні Сталай рады АБСЭ, прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі, прадстаўнік Менску Андрэй Лазавік заявіў, што канстытуцыйная рэформа ў краіне будзе праведзеная да 2022 году. Пра гэта РБК распавялі два суразмоўцы, якія бачылі тэкст заявы. Гэта, адзначыў Лазавік, адзіны спосаб правесьці новыя выбары да заканчэньня пяцігадовага тэрміну дзейнага прэзыдэнта.

Ён таксама растлумачыў, што ўлады краіны не зьбіраюцца ўступаць у перамовы з апазыцыяй, таму што гэта мае на ўвазе дыялёг аб перадачы ўлады. З гэтай самай прычыны Менск адхіліў усе прапановы аб пасярэдніцтве — улада ў краіне стабільная, запэўніў прадстаўнік Беларусі.

Лазавік таксама раскрыў падрабязнасьці будучай канстытуцыйнай рэформы: працэс будзе праходзіць у фармаце нацыянальнага дыялёгу, будзе забясьпечаная лібэралізацыя палітычнай сістэмы, частка паўнамоцтваў прэзыдэнта будзе перададзеная парлямэнту. Акрамя таго, расказаў ён, будзе зьмененая і партыйная сыстэма — роля партыяў падвысіцца, будуць унесеныя зьмены ў выбарчае заканадаўства. Усе зьмены будуць прынятыя на рэфэрэндуме, сказаў на заканчэньне ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG