Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адправіў на дапрацоўку справу эколяга Ірыны Сухій


Ірына Сухій, архіўнае фота
Ірына Сухій, архіўнае фота

7 верасьня справу эколяга Ірыны Сухій, якая правяла ноч у ізалятары, разгледзелі ў судзе, матэрыялы вярнулі ў РУУС для ліквідацыі недахопаў, паведаміла ў Фэйсбуку яе дачка Сафія Садоўская.

Ноч Ірына Сухій правяла ў ізалятары на Акрэсьціна. Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску разгледзелі яе справу — Сухій вінавацяць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 3 верасьня. Як казала Свабодзе раней дачка Ірыны Сухій, «яна ў гэты вечар зьехала на хутар, шмат людзей гэта ведаюць».

Суд прайшоў онлайн. Судзьдзя дала 10 хвілін адвакату для абмеркаваньня з Ірынай Сухій матэрыялаў справы.

Пасьля суду Ірыну Сухій ня выпусьцілі з ізалятару і, паводле дачкі, сёньня яе ня выпусьцяць. Фармальна паводле закону затрыманых па адміністрацыйнай справе могуць утрымліваць да 72 гадзін, пасьля чаго павінна быць рашэньне суду.

Ірыну Сухій затрымалі 6 верасьня: яе забралі з кватэры яе 93-гадовай маці трое міліцыянтаў, двое былі ў балаклавах, кажа дачка Сафія Садоўская. Сухій даставілі ў Савецкае РУУС, доўгі час дзяжурны РУУС адмаўляў сям‘і, што яна там.

Празь некалькі гадзін у кватэру, дзе пражывае Ірына, прыйшлі з вобшукам. У кватэры была толькі 93-гадовая маці Ірыны Сухій.

«Бабуля ўвогуле не разумела, што адбываецца, яна ня ведала, што маму затрымалі, — кажа дачка Сухій. — Я прыйшла ўжо пад канец вобшуку, калі яны ўжо адабралі ўсё, што хацелі. Не было ані панятых, нікога. Мне паказалі дагары нагамі нейкае пасьведчаньне і паперу, дзе было напісана пра ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG