Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы стварылі «Цэнтар беларускай салідарнасьці» для дапамогі ўцекачам зь Беларусі


Акцыя салідарнасьці ля беларускай амбасады ў Варшаве 11 жніўня 2020. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці ля беларускай амбасады ў Варшаве 11 жніўня 2020. Архіўнае фота

У яго ўвайшлі 13 арганізацый. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі абвясьцілі прадстаўнікі некалькіх ужо дзеючых ініцыятываў, паведамляе reform.by.

«Мы павінны быць гатовыя да таго, што многія вымушаныя будуць пакінуць краіну, таму аб’яднаем намаганьні, каб тыя, хто прыедзе ў Польшчу, атрымалі неабходную юрыдычную, мэдычную, матэрыяльную, псыхалягічную дапамогу, дапамогу ў пытаньнях адукацыі дзяцей», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі выканаўчы дырэктар iSANS (міжнароднай ініцыятывы экспэртаў супраць гібрыдных пагрозаў дэмакратыі) Улад Кобец.

Кіраўнік «Беларускага Моладзевага хабу» Аляксандар Лапко падкрэсьліў, што «Цэнтар беларускай салідарнасьці» будзе таксама інфармаваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Паводле прадстаўніцы грамадзкай арганізацыі «Праспэкт» Ларысы Караленкі, Цэнтар салідарнасьці ўжо дапамагае пацярпелым беларусам:

«Кожны, хто прыяжджае зь Беларусі, можа прыйсьці сюды — па адрасе Мазавецка 12, дзе ён выпʼе цёплай гарбаты і атрымае ад нашых валянтэраў усю магчымую падтрымку. Магу сказаць, што яшчэ да абвяшчэньня аб адкрыцьці мы ўжо змаглі аказаць дапамогу прыкладна 20 людзям зь Беларусі, якія сёньня знаходзяцца ў Польшчы. Гэта не было б магчымым без дапамогі польскіх бізнэсоўцаў і мэцэнатаў».

На прэс-канфэрэнцыі выступілі актывіст страйкаму МТЗ Эдуард Сьвянціцкі, актывіст БХК Ігар Станкевіч і член страйкаму прадпрыемства «Гродна-Азот» Юры Рававы, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь пасьля падзеяў 9 жніўня. Яны расказалі свае гісторыі. Удзельнічала ў прэсавай канфэрэнцыі таксама член прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

На сёньня ў «Цэнтар беларускай салідарнасьці» ўваходзяць:

  • «Беларускі моладзевы хаб»,
  • фонд «Беларуская ініцыятыва»,
  • міжшкольнае абʼяднаньне навучаньня беларускай меншасьці «Беларуская школа ў Варшаве»,
  • ГА «Linking Media»,
  • ГА «Free Press for Eastern Europe»,
  • фонд салідарнасьці BYSOL / Belarus solidarity foundation,
  • Польскі моўны інстытут,
  • Арганізацыя разьвіцьця міжгранічных сувязяў,
  • ГА «Праспэкт»,
  • Беларускі свабодны тэатар,
  • ініцыятыва «Беларуская нацыянальная памяць»,
  • ініцыятыва «Саюз для дэмакратыі ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG