Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш адзінства» ў Менску пад дажджом
«Марш адзінства» ў Менску пад дажджом

Сотні тысяч удзельнікаў «Маршаў адзінства» і сотні затрыманых. Што адбываецца на 29-ты дзень пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі на 29-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

18:26 6.9.2020

18:15 6.9.2020

Бабруйск: калёна прайшла па горадзе, шэсьце скончылася ў парку

Калі ДАІ спыняла машыны, дэманстранты скандавалі «Адпускай!» і «Пачым сумленьне?».

Калёна дайшла да канца вуліцы Менскай, прайшла проста пад дзьвярыма ГУУС, скандуючы «Ганьба!». Шэсьце скончылася ў Маладзёжным парку, дзе проста сьпявалі песьні і гулялі.

18:01 6.9.2020

У кіраўніцы таварыства «Экадом» ператрус

Сям’я кіраўніцы таварыства «Экадом» Ірыны Сухій паведамляе, што ў яе кватэры ідзе вобшук. З чым ён зьвязаны і за што сёньня затрымалі Сухій, невядома.

17:56 6.9.2020

Менск: у пратэстоўца пад Палацам Незалежнасьці пырснулі з газавага балёнчыка

Карэспандэнт Свабоды бачыў, як сілавікі пад Палацам Незалежнасьці ў Менску пусьцілі газ з балёнчыка ў мужчыну, які расьпісваў машыны сыстэмы «Рубеж» антылукашэнкаўскімі лёзунгамі. У людзей вакол пяршыць у горле.

17:56 6.9.2020

Затрыманьні: сотня ў Менску, тры дзясяткі ў Берасьці

Праваабарончы цэнтар «Вясна» называе 97 імёнаў затрыманых на акцыях сёньня ў Менску.

Паведамляюць таксама пра каля 30 затрыманых у Берасьці, масавыя затрыманьні ў Горадні, жорсткія затрыманьні ў Баранавічах, асобныя затрыманьні ў іншых гарадах.

У Берасьці выпусьцілі з РУУС 16-гадовую дзяўчыну і 14-гадовага хлопца, піша «Бинокль». Пра іншых затрыманых пакуль няма зьвестак.

17:50 6.9.2020

На менскім «Маршы адзінства» працуюць 76 груп валянтэраў

76 валянтэрскіх груп працуюць на «Маршы адзінства» ў Менску. Яны раздаць маніфэстантам ваду, прыбіраюць сьмецьце, дапамагаюць тым, каму гэта патрэбна, — паведаміў тэлеканал «Белсат».

17:48 6.9.2020

Магілёў: затрыманага журналіста выпусьцілі на волю

Магілёўскага карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова выпусьцілі на волю.

Журналіста затрымалі паміж магілёўскім паштамтам і гарвыканкамам, дзе ён асьвятляў мясцовую акцыю пратэсту. У мікрааўтобусе даставілі ў Ленінскае РУУС, перапісалі ўсе рэчы і пасьля праверкі рэдакцыйнага пасьведчаньня адпусьцілі. Пры гэтым заявілі, што журналіст ім «не цікавы».

17:35 6.9.2020

Менск: каля Палаца Незалежнасьці застаюцца 5 тысяч дэманстрантаў

На вялікім плоце Палаца Незалежнасьці дэманстранты разьвесілі свае плякаты з заклікамі да адстаўкі Лукашэнкі. Такіх плякатаў ужо дзясяткі, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Каля кардону сілавікоў з вадамётамі насупраць рэзыдэнцыі Лукашэнкі стаіць яшчэ 5 тысяч чалавек, людзі падыходзяць да АМАПаўцаў, спрабуюць загаварыць зь імі.

Карэспандэнт Свабоды быў сьведкам, як дэманстрант сказаў аднаму сілавіку ў чорным: «Мы ж з табой у футбол гулялі разам у школе». Але ўмяшаўся афіцэр, які загадаў: «Не паддавацца на агітацыю!»

17:34 6.9.2020

Горадня: затрыманьні скончыліся, АМАП вярнуўся ў аўтобусы

Амапаўцы вярнуліся ў аўтобусы. Каля ўнівэрсаму «Брэст» працягваюць стаяць каля 200 чалавек. Скандуюць «Жыве Беларусь». Перад гэтым затрымлівалі людзей зь першых шэрагаў, выхоплівалі са счэпак, многія аказваліся на зямлі пры затрыманьні, іх білі дручкамі, распыльвалі газ.

17:21 6.9.2020

Менск: людзі пачалі разыходзіцца ад Палаца Незалежнасьці

Ад Палаца Незалежнасьці людзі разыходзяцца групамі ў розныя бакі. Інцыдэнтаў пакуль няма. Да людзей з Палаца пакуль ніхто не выходзіў.

Нехта прынёс на пратэст жывога гусака, ён разам з пратэстоўцамі гуляе па праспэкце.

17:19 6.9.2020

Гомель: пратэстоўцы пайшлі да СІЗА

У Гомлі калёна пратэстоўцаў рушыла да сьледчага ізалятара, людзі скандуюць «Не забудзем, не прабачым», «Лукашэнка – тэрарыст» і «Хопіць біць людзей».

17:16 6.9.2020

У Браславе затрымалі гісторыка і краязнаўцу Кастуся Шыдлоўскага, паведамляюць сваякі.

У Менску ў ліку затрыманых фатографка Вікторыя Харытонава і яе дзеці Марта і Яна Шчарбаковы.

17:15 6.9.2020

Гомель скандуе: «Крумкачы!»

Калёна ў Гомлі збочыла да стадыёну і скандуе «Крумкачы!» — бо сёньня ў «Крумкачоў» футбольны матч з «Гомлем».

17:04 6.9.2020

У Берасьці затрымалі каля 30 удзельнікаў «Маршу адзінства»

У Берасьці 6 верасьня затрымалі прыблізна 30 удзельнікаў «Маршу адзінства». Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўдзельнікаў мірнай акцыі, прыхільнікаў перамен, прыкладна ў 15.00 на скрыжаваньні вуліцы Савецкай з праспэктам Машэрава.

17:00 6.9.2020

Менск: разгон на вуліцы Чабатарова, пратэстоўцаў загрузілі ў 4 аўтазакі і аўтобус

Падчас разгону калёны дэманстрантаў на вуліцы Чабатарова ў Менску затрымалі журналіста «Радыё Рацыя» Арцёма Сізінцава, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Ён пасьпеў сказаць праз тэлефон, што разам зь іншымі пратэстоўцамі знаходзіцца ў аўтазаку і іх вязуць у міліцыю.

Сілавікі загрузілі пратэстоўцаў у чатыры аўтазакі і аўтобус, пасьля чаго пакінулі месца разгону дэманстрантаў. Пратэстоўцы крычалі ім: «Фашысты!», «Ганьба!», «Сыходзь!».

На месца разгону выклікалі мэдыкаў, якія аказалі дапамогу мінімум чатыром удзельніцам акцыі пратэсту. Адну з пацярпелых перадалі мэдыкам супрацоўнікі АМАП. На хуткай зь мігалкамі адну зь дзяўчат павезьлі ў бальніцу.

У падтрымку пратэстоўцаў выйшлі жыхары найбліжэйшых дамоў.

16:58 6.9.2020

Горадня: АМАП пачаў жорстка затрымліваць людзей

Пратэстоўцы вырашылі не паварочваць да ізалятара. Ідуць проста па праезнай частцы праспэкту Янкі Купалы. Агулам некалькі тысяч чалавек. Ім дарогу перакрывае АМАП у раёне ўнівэрсаму «Брэст».

АМАП пачаў жорстка затрымліваць людзей. Затрымліваюць і хлопцаў і дзяўчат. Людзі кажуць, што распыляюць газ.

АМАП перакрыў дарогу ў раёне ўнівэрсаму «Брэст». Затрыманьні працягваюцца.

16:52 6.9.2020

Марыя Калесьнікава ўзяла ўдзел у Маршы адзінства

У інтэрвію Свабодзе Марыя Калесьнікава ацаніла колькасьць удзельнікаў дэманстрацыі як «беспрэцэдэнтна вялікую»:

«Нягледзячы на дождж і ціск уладаў, нягледзячы на рэпрэсіі, людзей выйшла значна больш, чым у мінулую нядзелю, я вельмі ўсьцешаная гэтым. Я перакананая, што пратэсты працягнуцца да перамогі», — сказала Калесьнікава.

У інтэрвію Свабодзе Калесьнікава паведаміла, што, як і ў мінулую нядзелю, яна сёньня зноў падыходзіла да сілавікоў у кардоне ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі, паказвала ім знак любові і казала, што любоў пераможа страх.

«Наша тройка (я, Цапкала і Ціханоўская) не распадаецца, мы як ніколі разам і змагаемся за перамогу разам», — сказала Калесьнікава людзям у калёне пратэстоўцаў, якія горача яе віталі.

16:50 6.9.2020

У Магілёве затрымалі журналіста

У Магілёве затрымалі карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Асіпцова.

16:49 6.9.2020

У Гомлі пратэстоўцы занялі ўвесь праспэкт Перамогі

16:48 6.9.2020

Менск: «Марш адзінства» ўжывую

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG