Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя выступае за найхутчэйшае ўвядзеньне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў


Краіны ЭЗ пакуль яшчэ абмяркоўваюць дэталі санкцыяў супраць афіцыйных асобаў Беларусі, аднак Францыя выступае за іх хутчэйшае ўвядзеньне. Так у МЗС Францыі адрэагавалі на просьбу журналістаў пракамэнтаваць цьверджаньне нямецкай газэты Die Welt пра тое, што праз пазыцыю Францыі Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўключаны ў санкцыйны сьпіс.

«Міністры замежных справаў, а потым кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЭЗ <...> прынялі рашэньне ўвесьці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за махінацыі на выбарах і акты ўнутраных рэпрэсіяў. Мы жадаем, каб гэтыя санкцыі былі ўведзеныя як мага хутчэй. Эўрапейскія інстытуты і краіны — удзельніцы ЭЗ працуюць над зьместам гэтых захадаў, Эўразьвяз іх абвесьціць, калі прыйдзе час», — заявілі ў прэс-службе францускага МЗС.

У пятніцу газэта Die Welt са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што фактычны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу — перш за ўсё праз пазыцыю Нямеччыны, а таксама Францыі і Італіі. Паводле інфармацыі выданьня, галоўны аргумэнт супраць такога кроку палягае ў тым, што ўключэньне яго ў чорны сьпіс будзе азначаць поўнае спыненьне дыялёгу зь Менскам. За абмежавальныя захады супраць фактычнага кіраўніка Беларусі выступалі ў першую чаргу краіны Балтыі і Польшча.

У сярэдзіне жніўня стала вядома, што ў сувязі з акцыямі пратэсту ў Беларусі ЭЗ разглядае сьпіс з 15–20 беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю супольнасьці і доступ да эўрапейскай банкаўскай сыстэмы. Санкцыі ЭЗ супраць Беларусі за парушэньні правоў чалавека дзейнічалі ад 2004 да 2016 году, у розныя гады чорны сьпіс пашыраўся і скарачаўся, сягаючы часам 130 чалавек. У верасьні 2008 году Эўразьвяз замарозіў санкцыі, аднак аднавіў іх і нават зрабіў больш жорсткімі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе.

На нефармальнай сустрэчы ў Бэрліне 27–28 жніўня кіраўнікі МЗС краін ЭЗ прынялі рашэньне як мага хутчэй завяршыць санкцыйную працэдуру стасоўна Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG