Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларуськаліі» звальняюць лідэраў страйкоўцаў


Мітынг супраць Аляксандра Лукашэнкі ў Салігорску, 17 жніўня 2020 году.

Страйкавы камітэт ААТ «Беларуськалій» (Салігорск) заяўляе пра ўзмацненьне ціску на страйкоўцаў-шахтароў.

Так, сустаршыні страйкаму Анатолю Бокуну прыйшло па пошце паведамленьне аб спыненьні працоўных адносін з прычыны працяглага прагулу, паведаміў БелаПАН сябра страйкаму Раман Лявончык.

«Яго звальняюць па артыкуле», — дадаў ён. Цяпер Бокун адбывае 15-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яго затрымалі і асудзілі 31 жніўня. Да гэтага сустаршыню страйкаму аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (675 рублёў) — таксама за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Яшчэ аднаго сябра страйкаму — Уладзімера Цімошчанку — выклікалі ў аддзел кадраў «Беларуськалію» разам зь яго начальнікам і ўручылі апавяшчэньне аб звальненьні. Некаторым сябрам страйкаму паведамілі пра заплянаваныя звальненьні празь незалежны прафсаюз гарнякоў, адзначыў Лявончык.

Акрамя таго, паводле ягоных слоў, сябраў страйкаму пачалі выклікаць на допыты ў аддзяленьне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Салігорскага РАУС, не тлумачачы, па якой справе.

У некаторых страйкоўцаў-шахтароў дома прайшлі ператрусы.

«Вылоўліваюць дома, каля пад’ездаў, спыняюць аўтамабілі на вуліцах з дапамогай ДАІ і ўручаюць позвы. Там пазначана, што выклікаюць у міліцыю ў якасьці сьведкі, больш нічога. Незразумела, што за справа ўзбуджаная, па якім артыкуле. А ўчора ў майго брата ў кватэры правялі ператрус — нібыта ён сьведка па нейкіх крымінальных справах. Хоць у сведак ня могуць праводзіць ператрус, а толькі агляд. Дзён дзесяць таму быў яшчэ адзін ператрус у сябра страйкаму. Цяпер яшчэ ператрус будзе ў мяне», — сказаў Лявончык.

У страйкаме ціск сілавікоў расцэньваюць як «рэпрэсіі з боку рэжыму».

Страйк на «Беларуськаліі» пачаўся 17 жніўня. Шахтары патрабавалі прызнаць вынікі выбараў прэзыдэнта несапраўднымі; прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну да адказнасьці за злачынства супраць народу і фальсыфікацыю выбараў; вызваліць усіх палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненьні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі, ды іншае. 1

9 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорску прадстаўнікі страйкаму «Беларуськалію» заявілі пра гатоўнасьць пачаць галадоўку, калі на страйкоўцаў-шахтароў будзе чыніцца ціск: пагрозы, звальненьні, сілавое ўзьдзеяньне. У страйкаме падкрэсьлівалі, што згодна з Канстытуцыяй працоўныя «маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку праз рэалізацыю права на страйк».

Першыя тры дні, па словах Лявончыка, страйк падтрымалі каля чатырох тысяч работнікаў «Беларуськалію», потым пад ціскам многія шахтары прыступілі да працы.

Цяпер у страйку 23 чалавекі. «Першую хвалю пратэстаў у Салігорску загасілі. Мы спадзяёмся на другую хвалю і масавую падтрымку. Можа, паўплывае эканамічны крызіс», — дадаў сябра страйкаму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG