Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Блякада газэты з боку ўладаў працягваецца». Рэдакцыя «Народнай Волі» зьвярнулася па дапамогу 

Рэдакцыя газэты «Народная Воля», якую адмаўляецца выдаваць дзяржаўны «Беларускі дом друку», а «Белпошта» і «Белсаюздрук» ня хочуць распаўсюджваць надрукаваны за мяжой наклад, зьвярнулася па дапамогу да чытачоў.

«Шаноўныя прыхільнікі свабоднага слова! На жаль, блякада газэты з боку ўладаў працягваецца: па-ранейшаму забаронены доступ як да друкарні, так і да экспэдыцыі „Белпошты“ і „Белсаюздруку“, якія займаюцца распаўсюдам выданьняў, — гаворыцца ў звароце. — Ужо пяты нумар „Народнай Волі“ мы аддрукавалі пад Масквой. Які далейшы лёс? Калі да панядзелка не загарыцца „зялёнае сьвятло“ ў Беларусі, нумар за аўторак зьявіцца толькі пры ўмове, што на рахунку рэдакцыі будуць сродкі для пералічэньня іх расейскай друкарні».

Выхад кожнага нумара «Народнай Волі» без магчымасьці рэалізоўваць значную частку накладу праз шапікі нясе рэдакцыі велізарныя страты. Да таго ж трэба яшчэ дадаць немалыя выдаткі на транспартныя ды іншыя паслугі.

Таму застаецца адно выйсьце, зьвяртаецца да нераўнадушных людзей рэдакцыя: давайце выдаваць «Народную Волю» разам! Адгукніцеся, паважаныя сябры, калі ў вас ёсьць хоць нейкая магчымасьць.

«Сёньня, як ніколі, у Беларусі павінна гучаць слова праўды, слова ў абарону правоў людзей, якія хочуць жыць у вольнай краіне, калі ўлады не будуць фальсыфікаваць вынікі галасаваньня падчас прэзыдэнцкіх выбараў, калі вяршэнства закону стане нормай для ўсіх. Разам уратуем «Народную Волю»! — гаворыцца ў зваоце да чытачоў.

Банкаўскія рэквізыты для пералічэньня грошай на падтрымку газэты па спасылцы ТУТ.

XS
SM
MD
LG