Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На слова адкажам словам, на дзеяньне — дзеяньнем». Кіеў расказаў аб сваёй стратэгіі стаўленьня да Беларусі


Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што афіцыйны Кіеў будзе рэагаваць на палітычны крызіс у Беларусі адпаведна сваім нацыянальным інтарэсам.

«Мы будзем жорсткімі дзеяньнямі рэагаваць на дзеяньні Беларусі, а не на словы. Мы бачым, як нагнятаецца, на жаль, зь беларускага і расейскага боку рыторыка, выстаўляюцца абсалютна нейкія фантасмагарычныя вэрсіі аб нібыта ўдзеле Ўкраіны ў расхістваньні сытуацыі ў Беларусі, аб атручэньні Навальнага... Амбасадара Беларусі мы не выклікалі», — заявіў Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне Свабоды.

Міністар нагадаў, што перадача Беларусьсю «вагнэраўцаў» Расеі стала нагодай адклікаць у Кіеў украінскага амбасадара зь Менску.

«Заявы ствараюць вельмі нэгатыўны фон для нашых дачыненьняў —проста таму, што яны не адпавядаюць рэчаіснасьці. Асабліва непрыемна, што ў той час, як Расейская Фэдэрацыя, скажам так, ажыцьцяўляе дастаткова эфэктыўны кантроль за падзеямі ў Беларусі, пры гэтым беларускі бок абвінавачвае Ўкраіну ў тым, чаго яна ня робіць. Мы разумеем, што гэтая рыторыка будзе працягвацца і надалей. Мне гэта нагадвае стары фільм, у якім маладая жанчына сумнявалася ў сабе і, каб павысіць сваю ўпэўненасьць, безупынна паўтарала: «Я самая обаятельная и привлекательная», — дадаў Дзьмітро Кулеба.

«Украіна будзе падыходзіць да беларускага крызісу выключна з нацыянальных інтарэсаў. Першае — нацыянальная бясьпека. Другое — абарона ўкраінскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Трэцяе — абарона нашых эканамічных інтарэсаў у дачыненьнях зь Беларусьсю. І разглядаць сытуацыю будзем комплексна, бо вядзеца вельмі складаная гульня, і мы мусім у гэтай гульні мінімізаваць нэгатыўныя наступствы для Ўкраіны», — падкрэсьліў міністар замежных справаў Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG