Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі фонд салідарнасьці» пачаў выплаты ў біткойнах рэпрэсаваным


Некамэрцыйная арганізацыя «Беларускі фонд салідарнасьці», якая базуецца ў Нідэрляндах, пачала выплачваць кампэнсацыі ў біткойнах беларусам, звольненым з прадпрыемстваў за актыўную грамадзянскую пазыцыю і ўдзел у пратэстах, паведамляе партал ForkLog.

27-ы дзень пратэстаў. Суды над журналістамі. Марш айцішнікаў

Фонд заснавалі Яраслаў Ліхачэўскі і Аляксей Кузьмянкоў, вядомыя як заснавальнікі кампаніі — распрацоўніка рашэньняў на базе штучнага інтэлекту DeepDee.

«Дзяржава цісьне на кіраўніцтва заводаў, кіраўніцтва ў сваю чаргу пагражае страйкоўцам масавымі звальненьнямі, некаторых звальняюць паказальна на вачах калектыву. Цяперашні ўрад спрабуе банальна запалохаць простых людзей, мы спрабуем нівэляваць пагрозы ім», — расказаў ForkLog Яраслаў Ліхачэўскі.

За першы тыдзень існаваньня фонд залучыў 1 млн эўраў. На 3 верасьня гэтая сума перавысіла 2 млн эўраў. Сродкі зьбіраюць праз праграму фандрэйзінгу ад Facebook, PayPal, Revolut, Bitcoin і Ethereum. Працу фонду забясьпечвае каманда валянтэраў.

Прэтэндаваць на выплаты могуць тры катэгорыі людзей:

  • звольненыя за актыўную грамадзянскую пазыцыю супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў;
  • дзяржаўныя службоўцы і сілавікі, якія пакінулі пасады празь нязгоду зь дзеяньнямі цяперашняга ўраду;
  • супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія страйкуюць, але ня звольненыя, якіх няма каму замяніць (напрыклад, шахтары).

Памер аднаразовай выплаты складае 1500 эўраў. Прэтэндэнтам трэба даказаць факт звальненьня або ўдзелу ў пратэстах на прадпрыемствах, а таксама публічна заявіць пра сваю грамадзянскую пазыцыю ў відэазвароце.

«Улады актыўна абразаюць паступленьні з замежных рахункаў, праводзяць ператрусы на мяжы, каб ня даць завезьці валюту. Таму мы вырашылі залучыць біткойн як „транспарт“», — кажуць заснавальнікі фонду

Фонд выдае інструкцыі атрымальнікам і тлумачыць, як абмяняць біткойн на беларускія грошы, хоць і не рэкамэндуе рабіць гэта ва ўмовах рэзкай дэвальвацыі.

Роля крыптавалютаў у мірным пратэсьце

Пра ролю крыптавалютаў у мірным пратэсьце кажа амбасадар Trustee Wallet у Беларусі Яўген Раманенка, якога затрымалі адразу пасьля выбараў і зьмясцілі ў СІЗА на сем содняў:

«Дэцэнтралізацыя — галоўная прыкмета беларускага пратэсту ў 2020 годзе. Не забывайце, што Беларусь — гэта IT-краіна з сусьветнай славай. Беларусы навучыліся эфэктыўна мець зносіны з дапамогай Telegram і Viber. Што перашкаджае ім перадаваць грошы адзін аднаму 24/7/365 у біткойнах і іншых крыптавалютах? Нічога. Адключаць інтэрнэт — дапаможа Web 3.0. Паводле дэкрэту № 8 аб разьвіцьці лічбавай эканомікі, апэрацыі ў крыптавалюце для фізычных асобаў у Беларусі легальныя. Звольненыя працаўнікі ўжо атрымліваюць падтрымку ў біткойнах. Наступны крок — продаж тавараў/паслуг за крыптавалюту. Ужо ёсьць дзясяткі крамаў, гатовых выстаўляць цэньнікі ў крыптавалютах. На нашых вачах адбываецца нараджэньне беларускай крыптаэкономікі, у якую цягам году-двух будуць уцягнутыя мільёны беларусаў. У ёй няма месца дзяржаве — як супрацоўніку АМАП няма месца на спатканьні закаханай пары», — кажа Яўген Раманенка.

  • Сёньня ў Беларусі дзейнічае некалькі крыптавалютных біржаў, дзе можна прадаць і абмяняць біткойны. Пэўныя крамы, рэстараны і нават будаўнічыя кампаніі ўжо прымаюць аплату ў крыптавалютах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG