Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27-ы дзень пратэстаў. Суды над журналістамі. Марш айцішнікаў. Беларускія сьцягі ў парлямэнце Ўкраіны

Што адбываецца ў Беларусі на 27-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

17:22 4.9.2020

З ізалятара на Акрэсьціна выпусьцілі затрыманых журналістаў

Андрэй Шаўлюга (БелаПАН) кажа, што падчас арышту ставіліся нармальна. У РУУС было печыва і гарбата, а каб спаць, састаўлялі крэслы.

«Пасьля першага суду была дапрацоўка справы, мы думалі, што адпусьцяць. Але праз гадзіну нас адвезьлі на Акрэсьціна, трэцяга верасьня цэлы дзень чакалі суду. Сьведкі, якія былі ад АМАП, маглі ня быць тымі, кім прадстаўляліся», — кажа Шаўлюга.

Ён расказвае, што сустрэў на Акрэсьціна вядоўцаў Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно. Кажа, настрой у іх добры, ежы хапае.

16:43 4.9.2020

Усім затрыманым журналістам прысудзілі па трое сутак арышту

Усіх журналістаў, якіх затрымалі 1 верасьня пры асьвятленьні студэнцкага шэсьця, суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Усе атрымалі па трое сутак арышту і маюць выйсьці на волю каля 17:00.

Гэта Надзея Калініна, Аляксей Суднікаў (TUT.BY), Сяргей Шчогалеў (Сьвятаслаў Зоркі), Мікіта Дубалека (Недаверкаў) і Марыя Эляшэвіч («Комсомольская правда в Беларуси»), Андрэй Шаўлюга (БелаПАН).

16:34 4.9.2020

«Каляровыя рэвалюцыі, тэрарызм, наркатрафік». Міністар абароны Хрэнін пералічыў пагрозы Беларусі

Пэўныя сілы на Захадзе пераходзяць да гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін, выступаючы ў Маскве на сумесным паседжаньні кіраўнікоў вайсковых ведамстваў краін СНД, АДКБ і ШАС.

Сярод асноўных фактараў, якія нэгатыўна ўплываюць на стан «сучаснай архітэктуры міжнароднай бясьпекі», ён акцэнтаваўся на спробах «каляровых рэвалюцый», тэрарызьме, наркатрафіку і арганізаванай злачыннасьці.

На думку Хрэніна, розныя «дэструктыўныя сілы, якія падаграваліся кіраўніцтвам Польшчы, Літвы, Чэхіі і Ўкраіны», учынілі спробу неканстытуцыйнай зьмены ўлады. Ён перакананы, што ўратаваць краіну «ад беззаконьня і самаўпраўнасьці» ўдалося дзякуючы зладжаным дзеяньням органаў дзяржаўнага кіраваньня і «падтрымцы беларускім народам рашэньняў прэзыдэнта».

Хрэнін выказаў словы ўдзячнасьці «вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Расеі і Кітая, а таксама дзяржавам, якія аказалі дапамогу Беларусі ў няпросты для яе час».

Міністар абароны заявіў, што цяпер пэўныя сілы на Захадзе, пацярпеўшы няўдачу ў спробе арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», пераходзяць да формаў і мэтадаў гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, ужываючы пры гэтым беспрэцэдэнтныя меры дыпляматычнага і палітыка-эканамічнага ціску. У прыватнасьці, ідзе жорсткая барацьба за інфармацыйную перавагу.

Акрамя таго, па словах Хрэніна, за апошнія гады ратацый групоўка НАТО ў суседніх краінах вырасла ў 17 разоў — да 10 тысяч вайскоўцаў. У непасрэднай блізкасьці ад мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу, у тым ліку арміі ЗША, а таксама праходзяць буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэньні краін-чальцоў альянсу.

16:26 4.9.2020

Што расказаў адзін з затрыманых сёньня у МДЛУ студэнтаў

15:56 4.9.2020

Студэнты БДУІР падтрымалі затрыманых студэнтаў МДЛУ

15:43 4.9.2020

Журналістцы Марыі Эляшэвіч прысудзілі тры дні арышту

З улікам таго, што яе ўжо трымаюць за кратамі амаль тры дні, сёньня яна мае выйсьці на волю.

15:42 4.9.2020

Рада канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы падтрымала архібіскупа Кандрусевіча, якому не даюць вярнуцца ў Беларусь

Як адзначаецца на сайце Рады, эўрапейскія біскупы салідарныя з Кандрусевічам і каталіцкай царквой у Беларусі «ў гэтай далікатнай справе» і далучыліся да закліку папы рымскага Францішка «да дыялёгу, адмовы ад гвалту і павагі да справядлівасьці і закону».

Рада канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы моліцца «за дарагога пастыра і ўсю беларускую супольнасьць» і спадзяецца на «неадкладнае вяртаньне архібіскупа Менска-Магілёўскага дадому і аднаўленьне яго біскупскага служэньня ў Беларусі».

Эўрапейскія біскупы таксама «заклікаюць усіх удзельнічаць у мірным вырашэньні канфлікту і з упэўненасьцю ісьці шляхам дыялёгу на карысьць чалавека і ўсяго грамадзтва».

15:40 4.9.2020

17-гадовы Цімур М. з допыту ў Сьледчым камітэце зноў трапіў у шпіталь. Пад канвоем

17-гадовы Цімур М., якога жорстка пабілі ў Партызанскім РУУС і які знаходзіўся ў коме, 3 верасьня са Сьледчага камітэту пад канвоем трапіў у шпіталь. У падлетка моцныя панічныя атакі. Адвакаты прыехалі ў шпіталь, але іх пакуль не дапускаюць да хлопца. 3 верасьня 17-гадовага Цімура выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у справе ўдзелу ў масавых беспарадках (артыкул 293 КК).

15:36 4.9.2020

Лявон Вольскі анансаваў канцэрт у менскай «Пясочніцы», частку сабраных грошай абяцаў ахвярам гвалту

4 верасьня на менскай пляцоўцы «Пясочніца» адбудзецца вялікі электрычны канцэрт каманды Volski, паведамляе тэлеграм-канал «Годна» . Пачатак а 19.30.

«Ну вось, першы, спадзяемся, з сэрыі канцэртаў беларускіх гуртоў, — зьвяртаецца да прыхільнікаў Лявон Вольскі. — Уваход вольны, але калі захочаце дапамагчы пакрыць выдаткі на гук, сцэну ды іншае (каля 1600 рублёў) ды аддзячыць музыкам, якія паўгады ўжо без канцэртаў — застанемся ўдзячныя. Ня будзем сьцвярджаць, што ахвяруем частку сродкаў на дапамогу пацярпелым, але калі ўдасца,— абавязкова. Прынамсі зь вясенніх анлайнаў у разгар пандэміі тое атрымалася».

Музыкі паспрабуюць новую для сябе форму канцэртаў на паветры, якая, магчыма, стане рэгулярнай.

«Будзем і надалей працягваць вылазкі з маленькімі калёнкамі да слухачоў у горадзе, але часам хочацца нармальных беларускіх натхняльных канцэртаў увечары, калі можна адпачыць ад прагулак па горадзе. Да сустрэчы!», — запрашае слухачоў у сталічную «Пясочніцу» Лявон Вольскі. Адрас: Куйбышава, 45

15:36 4.9.2020

«За маленькі сьцяжок на бальконе». У Гомлі асудзілі ўсю сям‘ю, яе затрымліваў АМАП


Андрэя Чумачэнку, ягоную жонку Ганну Селядзеўскую і сына Віктара ранкам 9 жніўня затрымалі ў іхнай кватэры на праспэкце Леніна ў Гомлі супрацоўнікі АМАП. У рапартах амапаўцы напісалі, што ўсіх траіх затрымалі на вуліцы Кірава за нібыта непадпарадкаваньне.

Андрэя Чумачэнку суд пакараў арыштам на 12 дзён. Ягонаму сыну Віктару прысудзілі 15 дзён арышту, а жонцы Ганьне — штраф 20 базавых велічыняў. 4 верасьня яны абскарджваюць рашэньні раённага суду ў абласным.

15:35 4.9.2020

Кіраўнік МЗС Літвы сустрэўся ў Вільні з Латушкам і Саньнікавым

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус правёў у Вільні сустрэчу зь сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Паўлам Латушкам і экс-кандыдатам у прэзыдэнты ў кампаніі 2010 году Андрэем Саньнікавым.

Бакі абмеркавалі міжнародную рэакцыю на сытуацыю ў Беларусі.

«Сёньня сытуацыя ў Беларусі ўсё яшчэ тупіковая, усё яшчэ сытуацыя чаканьня. Думаю, што ўлады спадзяюцца выйграць час і задушыць гэтыя працэсы», — сказаў Лінкявічус журналістам у пятніцу.

Кіраўнік МЗС Літвы адзначыў, што мэта сустрэчаў — абмеркаваць магчымыя дзеяньні міжнароднай супольнасьці ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі.

«Мэта простая — што можа зрабіць міжнародная супольнасьць, што можа зрабіць Эўразьвяз, што мы можам зрабіць на нацыянальным узроўні», — сказаў ён. Ён дадаў, што мусіць прайсьці міжнароднае незалежнае расьсьледаваньне, і згадаў, што больш эфэктыўным было б увядзеньне міжнародных санкцыяў для прадстаўнікоў Беларусі за гвалт над мірнымі маніфэстантамі і фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

15:22 4.9.2020

Ці здрадзіла беларускаму народу «старая Эўропа»?

Піша аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

Аляксандар Лукашэнка ня будзе ўключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, паведаміла нямецкае выданьне Die Welt. Паводле інфармацыі выданьня, за гэта, у прыватнасьці, выступіла Нямеччына, якую падтрымалі Францыя і Італія. Падчас дыскусій Бэрлін і Парыж сьцьвярджалі, што каналы сувязі з Лукашэнкам павінны быць адкрытымі пры любых абставінах. Некалькі дзяржаў Эўразьвязу, найперш краіны Балтыі і Польшча, былі ня згодныя з гэтым і прапаноўвалі ўнесьці імя Лукашэнкі ў сьпіс.

Ці азначае гэта, што Нямеччына, Францыя і Італія занялі згодніцкую пазыцыю, падыгралі беларускаму дыктатару? Не, не азначае. Яны падтрымалі ўключэньне ў санкцыйны сьпіс шэрагу іншых прадстаўнікоў рэжыму. Санкцыі такога ўзроўню яны ўхвалілі. Да таго ж зразумела, што ў цяперашняй сытуацыі нікому ня прыйдзе ў галаву Лукашэнку афіцыйна запрашаць ні ў Бэрлін, ні ў Парыж. Так што санкцыі фактычна распаўсюдзяцца і на яго.

Зь іншага боку, ніхто не прапаноўвае, прынамсі, пакуль, увесьці адносна Беларусі больш жорсткія, эканамічныя санкцыі. Аргумэнт — іх уводзіць ня варта, каб не пацярпелі звычайныя беларусы — важкі, але не абсалютны. Эканамічныя санкцыі Эўразьвязу дзейнічаюць адносна, напрыклад, Расеі і КНДР. Там меркаваньне, што ад іх пацерпяць простыя грамадзяне гэтых краінаў, ня дзейнічае. У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна Беларусі, у прыватнасьці, адносна канцэрну «Белнафтахім». І матывы былі прыкладна такімі ж, як і зараз — Беларусь тады не захоплівала чужыя землі, як РФ, і не стварала ядзерную зброю, як КНДР, а «усяго толькі» парушала правы чалавека і прынцыпы дэмакратыі. Дык і зараз — «усяго толькі» парушае менавіта іх.

Іншымі словамі, жорсткасьць санкцыяў вызначаецца цяжкасьцю правіннасьці дзяржавы, на якую яны скіраваныя, палітычнай ацэнкай гэтай цяжкасьці. Ну і меркаванай эфэктыўнасьцю. Бэрлін лічыць, што адпаведным дзеяньням беларускіх уладаў і пры гэтым эфэктыўным будзе санкцыйны сьпіс без Лукашэнкі, прынамсі, пакуль. Вільня і Варшава лічаць, што такім будзе санкцыйны сьпіс з Лукашэнкам. Эканамічныя санкцыя пакуль наагул не прадмет абмеркаваньня. І супярэчнасьці ў падыходах — гэта адрозьненьні ў прафэсійных ацэнках адпаведнасьці і эфэктыўнасьці, а не адрозьненьні паміж здрадай і прынцыповасьцю, лічыць аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

15:21 4.9.2020

Каля МДЛУ пачалася акцыя салідарнасьці

15:20 4.9.2020

Пасьля затрыманьняў 5 студэнтаў супрацоўнікамі АМАП у актавай залі МДЛУ адбылася сустрэча рэктара Натальлі Баранавай са студэнтамі, выкладчыкамі, бацькамі

Студэнты абвінавацілі адміністрацыю, што яны не абараняюць студэнтаў і, болей за тое, самі выклікаюць АМАП.

Натальля Баранава паведаміла, што адміністрацыя не выклікала супрацоўнікаў АМАП і былі не гатовыя да гэтага. Яна нібыта дамовілася з намесьнікам міністра ўнутраных справаў аб вызваленьні ўсіх затрыманых сёньня студэнтаў.

Прысутныя засталіся не задаволеныя пачутым ад рэктара. Яе сыход з залі суправаджаўся скандаваньнем «Ганьба!»

Прадстаўнікі службы бясьпекі ўнівэрсытэта паведамілі ў жывым эфіры «Эўрарадыё», што ў будынак заскочыла 20-25 чалавек, «максымум 10 чалавек былі ў форме АМАП, астатнія ў цывільным, але ў балаклавах». Яны назвалі інцыдэнт «беззаконьнем»

15:20 4.9.2020

Пра што не дамовіліся Лукашэнка зь Мішусьціным

Аналізуе палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

Расея і Беларусь дасягнулі дамоўленасьцяў у аплаце энэрганосьбітаў», — заявіў учора прэмʼер РФ Міхаіл Мішусьцін па выніках перамоваў у Менску.

Учора ж прагучала заява міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака: «Беларусь вінная за газ $328 мільёнаў, перамовы пра цану пачнуцца хутка, калі беларускі бок заплаціць».

Дык дасягнулі дамоўленасьцяў ці не? Гэтыя 328 мільёнаў даляраў — яны ж як раз наконт аплаты энэрганосьбітаў. Пры гэтым беларускі бок ня даў ніякіх клятваў, што хуценька заплаціць. Пра гарантыі беларускага боку і міністар Новак нічога не сказаў. Мо іх і не было?

Зь іншага боку, паводле яго, калі беларускі бок заплаціць, то перамовы пачнуцца. Толькі перамовы. Слова «дамоўленасьць» прадугледжвае пэўную згоду.

Але згоду пачаць перамовы, ды яшчэ пры ўмовах, цяжка назваць дамоўленасьцю, адзначае аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

15:18 4.9.2020

«Зламалі дзьве хрыбеткі, білі па вушах і сьпіне» — 2 верасьня лекара жорстка пабілі пры затрыманьні


У лякарню хуткай дапамогі проста з судовага працэсу на Акрэсьціна трапіў лекар Аляксей Беластоцкі, які працуе ў 4-й гарадзкой лякарні. У лекара зламаныя дзьве хрыбеткі, чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія абдзірыны, ён дрэнна чуе на адно вуха.

Паводле лекара, гэта наступствы пабіцьця пасьля таго, як 2 верасьня яго затрымалі каля мэтро «Пушкінская» на месцы мэмарыялу памяці забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Два тыдні таму лекар Беластоцкі рабіў складаную апэрацыю зьбітаму пратэстоўцу, а цяпер сам стаў падсудным і пабітым.

«Тады ніколі б не падумаў, што сам апынуся амаль ў такім самым становішчы», — кажа Аляксей Беластоцкі.

15:14 4.9.2020

МУС Беларусі прызнала факты звальненьня супрацоўнікаў пад уплывам «дэструктыўнай агітацыі»

Начальнік галоўнага ўпраўленьня ўласнай бясьпекі міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Андрэй Паршын заявіў, што фіксуюцца факты звальненьня супрацоўнікаў, але гэтыя выпадкі «ня масавыя».

«Вядома, ёсьць супрацоўнікі, якія адмовіліся ад працягу сваёй службовай дзейнасьці, склалі паўнамоцтвы. Але магу абазначыць, што гэтая лічба знаходзіцца ў межах хібнасьці звальненьня і прыёму на працу, якая была ў аналягічным пэрыядзе летась», — сказаў Андрэй Паршын у распаўсюджаным камэнтары МУС.

Прадстаўнік ведамства адзначыў, што асобныя супрацоўнікі, якія заявілі пра сваю прыналежнасьць да тых ці іншых палітычных плыняў, і склалі свае паўнамоцтвы, ужо зьвяртаюцца з просьбай аб вяртаньні на службу. МУС, у сваю чаргу, разглядае мэтазгоднасьць іх паўторнага прыёму.

Паводле міліцэйскага чыноўніка, такія супрацоўнікі тлумачаць, што «падвергліся ўплыву тэлеграм-каналаў і сацыяльных сетак, дэструктыўнай агітацыі і замбаваньню ў СМІ», але цяпер «усьвядомілі сытуацыю».

15:14 4.9.2020

Актывісту з Гомля, раней моцна пабітаму міліцыяй, далі 10 дзён арышту

4 верасьня суд Чыгуначнага раёну пакараў Дзьмітрыя Лукомскага арыштам на 10 сутак. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» 30 жніўня. Ідзецца пра «Марш міру і незалежнасьці» ў Гомлі.

Дзьмітрыя Лукомскага затрымала міліцыя 3 верасьня. Ён выйшаў з дому ў краму і яго схапілі міліцыянты ў цывільным. Актывіста прывезьлі ў суд, але яму зрабілася блага. Яго шпіталізавалі.

Вечарам 3 верасьня Лукомскага адпусьцілі са шпіталю. Ранкам 4 верасьня яго зноў выклікалі ў міліцыю, потым завезьлі ў суд і арыштавалі на 10 дзён.

Да таго Лукомскага затрымлівалі 11 жніўня. Яго моцна пабілі ў Цэнтральным РАУС. Калі ён выйшаў з ІЧУ 16 жніўня, то быў «увесь сіні». Ён казаў, што яго білі дручкамі па галаве, нагах, калолі іголкамі, прымушалі крычаць «Я люблю міліцыю».

Пасьля вызваленьня Лукомскі зафіксаваў пабіцьцё і падаў скаргу ў Сьледчы камітэт. Але адказу дагэтуль няма. «Толькі з Цэнтральнага РАУС тэлефанавалі і сварыліся на мяне за тое, што я падаў заяву на іх, вымушалі прыйсьці да іх», — апавядаў раней Свабодзе Лукомскі.

15:13 4.9.2020

«У пэўны момант разумееш, што працаваць ужо ня можаш». Высокапастаўлены супрацоўнік звольніўся з Генэральнай пракуратуры

Старшы пракурор міжнародна-праўнага ўпраўленьня Віталь Вольскі з 2 верасьня не працуе ў Генэральнай пракуратуры. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён пайшоў у адпачынак, а цяпер звольніўся.

«Маё ўяўленьне пра тое, як павінна працаваць пракуратура, заснаванае на маім жыцьцёвым досьведзе, у нейкі момант пачало дысанаваць з тым, што адбываецца ў рэальнасьці. І ў гэты момант ты проста разумееш, што ў гэтай арганізацыі як пракурор працаваць ужо ня можаш», — цытуе яго Tut.by.

14:25 4.9.2020

Вось так — у масках і з засакрэчанымі імёнамі — выступаюць сьведкі-амапаўцы на судах над журналістамі

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG