Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу, каб мая краіна не ператваралася ў Паўночную Карэю». Мікіта Мікада пра ператрусы ў менскім офісе PandaDoc


У менскі офіс IT-кампаніі PandaDoc 2 верасьня прыехалі зь ператрусам супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

Раней Мікіта Мікада запусьціў ініцыятыву дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пакінуць службу. На гэты момант апрацавалі больш за 300 заявак і ўхвалілі паўсотні выплат.

У інтэрвію каналу «Настоящее время» Мікіта Мікада расказаў, з чым зьвязвае перасьлед.

— Я тры тыдні таму запісаў відэа пасьля ўбачанага гвалту на вуліцах Менску пра тое, што я падтрымаю ўсіх, каго рэпрэсуюць у выпадку, калі яны адмовяцца выконваць злачынныя загады. Мне не было зразумела, як, чаму людзі выконваюць загад біць і мучыць. Я неяк хацеў гэта спыніць. Мне здавалася, што, можа быць, гэтыя людзі баяцца застацца бяз працы.

— Хто-небудзь прыйшоў да вас за дапамогай у выніку?

— Сотні чалавек. Паток быў такім вялікім, што давялося зь сяброў зьбіраць каманду, ставіць гэта на паток. Нам вызваўся дапамагаць фонд, які хлопцы арганізавалі праз фэйсбук. Дваццаць тысяч чалавек ахвяравалі сродкі для таго, каб гэты фонд мог штосьці рабіць.

— То бок ваш праект рэальна паўплываў на сытуацыю ў сілавых структурах краіны?

— Я ня ведаю. Але я ведаю, што заявы вышэйшага кіраўніцтва сілавых структураў на гэтую тэмы былі. Уласна кажучы, гэты рэйд — пацьверджаньне таму, што нас спрабуюць запужваць і робяць гэта празь бізнэс, які, у прынцыпе, увогуле ні пры чым.

— Што з вашым бізнэсам у Беларусі будзе? Немаленькім, дарэчы, і даволі вядомым беларускім IT-бізнэсам. У гэтай сытуацыі, пасьля ператрусу, як вы ацэньваеце ягоныя пэрспэктывы?

— Я веру ў лепшае. Я ніколі ня бачыў беларускі народ такім згуртаваным. Я вельмі спадзяюся на перамены. У выпадку пераменаў у краіне, спыненьня гвалту, спыненьня рэпрэсій мы працягнем расьці год за годам у Рэспубліцы Беларусь. Я беларус, я вельмі хачу, каб мая краіна квітнела, а не ператваралася ў Паўночную Карэю ў цэнтры Эўропы.

— Вашыя супрацоўнікі закладнікі, як вы лічыце?

— Вядома.

— Колькі чалавек цяпер знаходзяцца на допыце ў КДБ і ўвогуле невядома дзе?

— Паводле нашай інфармацыі, чатырох чалавек цяпер утрымліваюць.

— Колькі ўсяго ў вас людзей працуе ў Беларусі?

— Я не магу сказаць, колькі цяпер знаходзяцца ў Беларусі, бо шмат хто выехаў з краіны. Але ўсяго 270 супрацоўнікаў у нас у Менску.

— Вы думаеце, што вашы супрацоўнікі падтрымліваюць вас?

— Паводле апытаньняў, я думаю, што большасьць [падтрымлівае]. Што нашыя супрацоўнікі? Увогуле ў прынцыпе ў Беларусі большасьць людзей падтрымліваюць перамены.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG