Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго зь лідэраў магілёўскіх пратэстаў арыштавалі на 20 сутак


Валадар Цурпанаў (у цэнтры)

20 суткамі арышту пакаралі ў Магілёве вэтэрана мясцовага апазыцыйнага руху і аднаго зь лідэраў пратэстаў супраць вынікаў выбараў Валадара Цурпанава. Прычына — нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне службовай асобе.

1 верасьня Цурпанаў прыйшоў на лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсыфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».
Паводле відавочцаў, актывіст зьвяртаўся да «45 пэдагогаў гэтай школы, якія працавалі ў трох участковых камісіях, што месьціліся ў навучальнай установе».

Валадара Цурпанава затрымалі прысутныя на ўрачыстасьці міліцыянты і даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Да суду яго трымалі ў ізалятары.
У камэнтары абласной міліцыі дзеяньні Валадара Цурпанава назвалі спробай «сарваць урачыстую лінейку». У ім гаворыцца, што «мужчына вёў сябе агрэсіўна і нястрымана, не рэагаваў на спалоханых дзяцей, заўвагі пэдагогаў і бацькоў».

Справу супраць Цурпанава разглядала ў онлайн-рэжыме судзьдзя Тацяна Міхайлава. Яна пазбавіла абвінавачанага права ўдзельнічаць у працэсе. Ён быў супраць таго, каб працэс вёўся на расейскай мове, і патрабаваў перакладчыка. Судзьдзя патрабаваньняў не зразумела і загадала спыніць трансьляцыю.

Пра ўчынак Цурпанава расказалі суду супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі Ганчароў і Савельеў, а таксама намесьніца дырэктара школы Галіна Каліновіч (старшыня камісіі 115-га ўчастку для галасаваньня. — РС) і настаўніца Тацяна Тулікава. Яны заяўлялі, што Цурпанаў выкрыкваў «Ганьба!» і «нешта пра 45». Выкрыкі абвінавачанага на прагледжаных судом відэаматэрыялах чуваць неразборліва.

Валадара Цурпанава чакае яшчэ адзін суд за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Яго вінавацяць у арганізацыі 23 жніўня несанкцыянаванага пікету ў Магілёве на плошчы Леніна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG