Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША заклікаў беларускія ўлады пусьціць мітрапаліта Кандрусевіча на радзіму


Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэо заклікаў беларускія ўлады дазволіць вярнуцца ў Беларусь кіраўніку беларускіх каталікоў Тадэвушу Кандрусевічу.

«Беларускія ўлады павінны дазволіць вярнуцца арцыбіскупу Кандрусевічу, каб ён мог падтрымліваць сваю паству падчас пратэстаў, якія працягваюцца. Яму і ўсяму беларускаму народу павінна быць дазволена ажыцьцяўляць свае асноўныя свабоды, у тым ліку свабоду веравызнаньня», — напісаў Пампэо.

31 жніўня мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся са службовай выправы з Польшчы. Ніводная дзяржаўная ўстанова не паведамляе прычын і не камэнтуе сытуацыі. Беларуская праваслаўная царква і ўпаўнаважаны ў справах рэлігій таксама не камэнтуюць забароны на ўезд мітрапаліту Кандрусевічу.

Выказаўся толькі Аляксандар Лукашэнка. ​Ён лічыць, што мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч «атрымаў пэўныя задачы» ў Польшчы, і таму яго не ўпусьцілі ў Беларусь, перадае БелТА.

«Мы ўважлівым чынам адсочваем усіх, хто ўяжджае-выяжджае, — сказаў Лукашэнка падчас паездкі ў Баранавічы. — Кіраўнік Каталіцкай царквы нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у сьпіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расеі. Ня толькі ён адзін, проста гэта больш вядомая фігура».

У мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае. Ён нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Горадзенскага раёну. Згодна з Законам аб грамадзянстве грамадзяніну Рэспублікі Беларусь ня можа быць адмоўлена ва ўезьдзе ў сваю краіну. Да таго ж гэта канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня. Гэтае права можа быць абмежаванае толькі рашэньнем суду — аднак толькі на выезд з краіны, не на ўезд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG