Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік дзяржсакратара ЗША: «Вы, народ Беларусі, нагадалі нам, наколькі важныя дэмакратыя і свабода»


Стывэн Бігэн

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн заклікаў вызваліць несправядліва затрыманых і спыніць гвалт, абмеркаваў ролю Расеі і ЗША ў вырашэньні супрацьстаяньня і выказаў захапленьне мужнасьцю беларусаў.

Эксклюзіўнае інтэрвію вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Лукашук: Сп. Бігэн, мінуў тыдзень з вашай паездкі па рэгіёне і выступу ў Вене. У АБСЭ вы заклікалі неадкладна спыніць гвалт супраць беларускага народу і вызваліць несправядліва затрыманых, у тым ліку амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава. Як вы ацэньваеце падзеі, якія адбыліся ў Беларусі з таго часу — вы бачыце прагрэс?

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн ушанаваў памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні
Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн ушанаваў памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Бігэн: Мы ня бачым ніякага прагрэсу. І мы абдумваем дадатковыя меры, неабходныя для ціску на ўлады Беларусі, каб былі зроблены крокі, якіх патрабуе ня толькі ўласная Канстытуцыя, звычайная годнасьць і справядлівасьць, але і абавязаньні ўраду Беларусі паводле статуту АБСЭ і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ААН. Урад Беларусі мае пэўныя абавязаньні, якіх ён не выконвае, і міжнародная супольнасьць будзе надалей настойваць на іх выкананьні.

Я хачу паўтарыць: нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць несправядліва затрыманых, у тым ліку Віталя Шклярава, якога трымаюць у няволі без усялякіх законных падставаў, а таксама — спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў, які мы назіраем, магчыма, ня так драматычна, як адразу пасьля выбараў, але апошнімі днямі мы бачым яго ізноў... Прагрэс недастатковы, і мы абмяркоўваем дадатковыя меры ціску, мы працуем над гэтым.

Лукашук: У апошнія гады ЗША намагаліся аказаць падтрымку беларускай незалежнасьці. Санкцыі былі прыпыненыя, высокапастаўленыя амэрыканскія дыпляматы наведалі Менск. З ініцыятывы дзяржсакратара Майка Пампэо Беларусь пачала закупляць амэрыканскую нафту. Гледзячы назад, ці не была гэтая палітыка ўлагоджваньня адносінаў памылковай? Ці па-ранейшаму ЗША бачаць у Аляксандру Лукашэнку партнэра ў абароне сувэрэнітэту Беларусі?

Бігэн: ЗША ніколі не хацелі канфлікту ці напружанасьці ў адносінах зь Беларусьсю. На працягу 29 гадоў беларускай незалежнасьці, ад яе першых дзён, уключна з высілкамі розных амэрыканскіх адміністрацыяў і маімі асабістымі ў 1990-я, ЗША дамагаліся канструктыўных стасункаў зь Беларусьсю. ЗША ніколі не разглядалі Беларусь як поле спаборніцтва паміж Захадам і Ўсходам, і мы не разглядаем яе такім чынам цяпер.

Вядома, мы і нашы эўрапейскія партнэры ў краінах Балтыі, як і Расея, спрабавалі ўцягнуць кіраўніцтва Беларусі ў размову, якая б прывяла да больш стабільнай — і, праўду кажучы, больш справядлівай — сытуацыі ў Беларусі. Гэтыя намаганьні на сёньняшні дзень ня мелі посьпеху. Але, Аляксандар, я хачу падкрэсьліць, што ўрад Злучаных Штатаў не імкнецца вызначыць, хто будзе прэзыдэнтам Беларусі. Гэта пэўна ня нам вырашаць, гэта ня нашая роля. І мы ўсялякім чынам імкнемся не ператварыць гэта ў спрэчку пра асобаў. Для нас асноўны фактар, які мы падтрымліваем, — гэта права народу Беларусі вызначаць сваю ўладу праз свабодныя і справядлівыя выбары зь незалежным назіраньнем.

... Я заклікаю ўсіх і кожнага прачытаць усе 146 артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, якія падрабязна і ясна выкладаюць правы і паўнамоцтвы народу Беларусі, што былі яўна парушаныя ўладамі 9 жніўня.

Цалкам інтэрвію будзе апублікавана на сайце svaboda.org у сераду, 2 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG