Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятары партыі «Вместе» патлумачылі, як будуць узаемадзейнічаць з Каардынацыйнай радай і Ціханоўскай


Марыя Калесьнікава

Стварэньне партыі не закране працу Каардынацыйнай рады — адзінай пляцоўкі дыялёгу ўсіх палітычных і грамадзкіх сілаў краіны, гаворыцца ў дадатковым тлумачэньні ініцыятараў.

У паведамленьні пацьвярджаецца, што гэта ініцыятыва Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і штабу зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты. Ягоны зварот быў запісаны 14 чэрвеня на выпадак, калі былы банкір ня зможа ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

«Мы цалкам згодныя, што Сьвятлана Ціханоўская набрала большасьць галасоў на выбарах 9 жніўня. З прычыны шматлікіх парушэньняў і фальсыфікацый перамога была скрадзеная, таму мы бачым неабходнасьць правядзеньня новых сумленных выбараў. Сёньня ўжо ніхто не сумняецца, што нас большасьць. Галоўнае цяпер — дамагацца патрабаваньняў, якія кансалідавана агучаныя Каардынацыйнай радай і грунтуюцца на перадвыбарнай праграме Сьвятланы Ціханоўскай».

Гаворыцца, што гэтыя патрабаваньні былі ўзгодненыя і падтрыманыя Марыяй Калесьнікавай і камандай Віктара Бабарыкі. Сябры партыі «Вместе» будуць браць чынны ўдзел у працы Каардынацыйнай рады і спрыяць вырашэньню ўнутрыпалітычнага крызісу шляхам дыялёгу.

«Зьмены ў Канстытуцыі шляхам правядзеньня рэфэрэндуму ініцыяваныя намі 19 чэрвеня і ёсьць адной з галоўных доўгатэрміновых палітычных задач. Без абмежаваньня тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта, без выразнага падзелу ўладаў, без рэальнай працы парлямэнту мы ня бачым магчымасьці сфармаваць эфэктыўную сыстэму кіраваньня дзяржавай», — адзначаецца ў тлумачэньні.

Пачынаецца фармаваньне доўгатэрміновай палітычнай сілы, якая будзе ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах будаўніцтва новай Беларусі, падсумоўваюць ініцыятары партыі «Вместе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG