Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя ў цывільным выкралі маці дваіх дзяцей. Прысудзілі штраф у памяшканьні РУУС

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Відэа, як невядомыя людзі запіхваюць жанчыну ў аўтамабіль, абляцела сацыяльныя сеткі.​

Пра затрыманьне Любові Кавальчук паведаміў яе муж Уладзімер.

«Яна не хуліган, нічога супрацьпраўнага яна не рабіла, яна добрапрыстойны чалавек. Я ўражаны гэтымі дзеяньнямі. Думаю, што гэта міліцыя», — кажа Ўладзімер.

«Каля 8.40 неапазнаныя людзі гвалтам пасадзілі жонку ў чорнае „Аўдзі“. Яна крычала пра дапамогу, але ранкам было мала людзей. Мінакі зьнялі відэа, шмат хто гэта бачыў, затрыманьне было сілавое, — расказвае Ўладзімер. — Думаю, што спрабуюць сілай выбіць подпіс пад абавязаньнем сядзець ціха і ні ў чым не ўдзельнічаць. Яна размаўляла зь людзьмі, зьбірала подпісы па жыцьці раёну, па забудоўніку, займалася праблемамі ў таварыстве ўласьнікаў. Таксама зьбірала подпісы за адкліканьне дэпутата ў нашай акрузе. Яна чалавек актыўны».

Уладзімер кажа, што ўчора жонка атрымала дзіўны званок з прапановай «пагутарыць». Таксама была прапанова паразмаўляць з участковым міліцыянтам на вуліцы, нібыта «яна была сьведкай, як камусьці падрапалі машыну». Муж сьцьвярджае, што жонка нічога падобнага ня бачыла.

У сям’і выхоўваецца двое непаўналетніх дзяцей. Дзе цяпер знаходзіцца Любоў Кавальчук, муж ня ведае. Ён абзвоньваў РУУС і ЦІП, але там яе не знайшоў.

Як стала вядома пазьней ад самой Любові Кавальчук, яе даставілі ў Першамайскі РУУС.

«У аўтамабілі мне надзелі кайданкі, абражалі, называлі «правакатаркай», «змагаркай». У сам РУУС вялі галавой да зямлі, як злачынцу. А ў мяне дзеці дома. У РУУС сказалі, што пратакол складзены за ўдзел у мітынгу каля Міністэрства адукацыі. І таксама склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі, — расказала Любоў. — Кайданкі зь мяне там дзьве гадзіны не маглі зьняць, нешта заклініла. А супрацоўнік РУУС Аляксандар Мясаедаў, які мне кайданкі чапляў, сказаў: «Навошта вы ёй здымаеце, няхай застаецца на памяць, адрэжам ёй разам з рукой». Я кажу: «Ну дык вы, напэўна, сабе б мае адрэзаныя рукі забралі». А ён: «Забяру як трафэй».

Суд адбыўся проста ў памяшканьні РУУС. Кавальчук далі штраф 10 базавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG