Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратара Каардынацыйнай рады выклікалі ў Сьледчы камітэт


Антон Раднянкоў (другі справа) перад паходам Сьвятланы Алексіевіч у Сьледчы камітэт, 26 жніўня
Антон Раднянкоў (другі справа) перад паходам Сьвятланы Алексіевіч у Сьледчы камітэт, 26 жніўня

Прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт 1 верасьня ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, паведамляе БелаПАН.

Паводле прэс-службы КР, Раднянкова выклікалі ў якасьці сьведкі, хоць ён не ўваходзіць у прэзыдыюм. Раней у СК дапытвалі толькі сябраў прэзыдыюму КР: Сьвятлану Алексіевіч, Максіма Знака, Лілію Ўласаву, Паўла Латушку, Сяргея Дылеўскага і Марыю Калесьнікаву.

Сёньня супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі сябра прэзыдыюму КР, міжнароднага мэдыятара Лілію Ўласаву, у яе кватэры прайшоў вобшук. Раніцай яе выклікалі на 15.00 у Цэнтральнае РУУС Менску па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

Два сябры прэзыдыюму рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова — цяпер знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-суткавы адміністрацыйны арышт паводле абвінавачаньня ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны былі затрыманыя раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.

28 жніўня невядомыя затрымалі сябра Каардынацыйнай рады, а таксама каардынатара штабу былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі Віталя Крыўко.

Згодна з рэзалюцыяй КР, орган ставіць сваёй мэтай ня зьмену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, і забесьпячэньне згоды ў грамадзтве на аснове Канстытуцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG