Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па справе аб пашкоджаньні машыны міліцыі затрымалі футбалістаў «Крумкачоў»


Футбалісты «Крумкачоў» Сяргей Казека (зьлева) і Павел Расолька

Футбалістаў футбольнага клюбу «НФК Крумкачы» Сяргея Казеку і Паўла Расольку затрымалі ў нядзелю ў Менску.

Як стала вядома Свабодзе ад прадстаўніка футбольнага клюбу «Крумкачы», іх затрымалі ўдзень у раёне вуліцы Раманаўская Слабада. Пры затрыманьні хлопцаў зьбіў АМАП.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што Казеку і Расольку затрымалі па справе аб пашкоджаньні міліцэйскага мікрааўтобуса.

Як даведалася Свабода ад прадстаўніка «НФК Крумкачы», Павал Расолька і Сяргей Казека ня ўдзельнічалі ў менскім маршы пратэсту. Аднак, вяртаючыся з трэніроўкі, сталі відавочцамі бойкі з пашкоджаньнем мікрааўтобуса без нумароў.

Што за інцыдэнт з пашкоджаным бусікам?

Раней МУС Беларусі паведаміла, што ўдзельнікі акцыі апазыцыі пашкодзілі ў нядзелю ў Менску службовую машыну міліцыі.

«Зламысьнікі з дапамогай падручных прадметаў разьбілі лабавое шкло, а таксама пашкодзілі бакавыя часткі машыны». «Цяпер тры чалавекі затрыманыя і дастаўленыя ў Ленінскае РУУС сталіцы», — адзначылі ў МУС.

Як паведамляе МУС, «сярод затрыманых — трэнэр па футболе 1986 году нараджэньня і ўдзельнік фанацкага руху вядомага футбольнага клюбу 1993 году нараджэньня, абодва неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці». Яшчэ адзін затрыманы 1978 году нараджэньня, паводле МУС, раней судзімы і таксама неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. «Адзін з затрыманых знаходзіўся ў стане алькагольнага ап‘яненьня».

На відэа, якое апублікавала МУС, аднак, відаць, што канфлікт пачаўся з таго, што зь мікрааўтобуса без нумароў, які міністэрства называе «службовым аўтамабілем міліцыі», выскачылі некалькі чалавек у цывільным і пачалі жорстка зьбіваць і затрымліваць чалавека. Тады пратэстоўцы кінуліся на абарону мужчыны, сталі крычаць: «Гэта правакацыя!». Пратэстоўцы спрабавалі спыніць затрыманьні і накінуліся на аўтамабіль.

У выпуску навінаў на «Беларусь 1» паказалі кадры размовы з затрыманым, які і справакаваў канфлікт. Ён ішоў па ўзбочыне праспэкту і стукнуў нагой па борце мініаўтобуса без апазнавальных знакаў. На кадрах ён кажа, што быў моцна п’яны і ня ведае, чаму атакаваў машыну.

Прадстаўнік «НФК Крумкачы» сьцьвярджае, што Расолька і Казека падчас інцыдэнту знаходзіліся за дзясятак мэтраў ад цэнтру падзей (на відэа яны сярод тых, хто стаіць у арцы). Сярод удзельнікаў бойкі на відэа іх насамрэч не відаць.

У інтэрнэце таксама гучыць вэрсія, што канфлікт быў сплянаванай правакацыяй.

Клюб паведамляе, што з футбалістамі цяпер працуюць адвакаты.

Раней гульцы «Крумкачоў» выйшлі на матч з «Хімікам» у футболках з надпісам «Мы з народам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG