Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачынаецца «Марш міру і незалежнасьці», людзі рухаюцца ў цэнтар, аточаны спэцсродкамі і міліцыяй


Марш за мір і незалежнасьць 30 жніўня
Марш за мір і незалежнасьць 30 жніўня

У цэнтар Менску пачынаюць выходзіць удзельнікі «Маршу міру і незалежнасьці», заплянаванага на гэтую нядзелю.

Як перадаюць карэспандэнты Свабоды, Кастрычніцкая плошча Менску агароджаная плястыкавымі бар'ерамі, па яе пэрымэтры стаяць міліцыянты, узмоцненая ахова, да Палаца Рэспублікі прайсьці немагчыма. Але тут пачынаюць зьбірацца людзі. Карэспандэнт Свабоды налічыў некалькі соцень чалавек. У цэнтар ідуць таксама калёны зь іншых раёнаў гораду.

На плошчы Незалежнасьці, агароджанай бар'ерамі, таксама зьбіраюцца групы людзей. Жыхары спальных раёнаў Менску фармуюць калёны ля станцый мэтро, а затым пешшу накіроўваюцца ў цэнтар гораду. У іх у руках бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты. Сярод пратэстоўцаў людзі рознага веку, шмат хто ідзе зь дзецьмі.

Першыя групы мітынгоўцаў ужо дабраліся да цэнтру гораду. Ва ўмовах перакрыцьця плошчы Незалежнасьці людзі зьбіраюцца на аднайменным праспэкце і прылеглых вуліцах. Калёны пратэстоўцаў расьцягваюцца на ходніках уздоўж усяго праспэкту.

Паводле паведамленьняў сацсетак і СМІ, калёна работнікаў МТЗ і група падтрымкі са сьцягамі і песьнямі ідзе Партызанскім праспэктам у бок цэнтру. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!», ім сыгналяць машыны. У калёне некалькі сотняў чалавек.

Зь мікрараёну «Новая Баравая» ў бок цэнтру гораду выйшла калёна людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, перадае, у прыватнасьці, партал TUT.BY.

Паводле «Нашай Нівы», група актывістаў зьбіраецца каля мэтро «Ўсход», каб разам ісьці ў цэнтар.

TUT.BY перадае, што людзі сабраліся на праспэкце Дзяржынскага каля станцыі мэтро «Міхалова». Яны стаяць каля прыпынку грамадзкага транспарту, скандуюць «Жыве Беларусь!».

Побач з плошчай Незалежнасьці ўзмоцненыя меры бясьпекі з прыцягненьнем значных сіл міліцыі. Як паведамляюць відавочцы, на прылеглыя вуліцы сьцягваецца ўсё больш грузавікоў з АМАПам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG