МУС Беларусі паведаміла пра затрыманьне 29 удзельнікаў акцый пратэсту 29 жніўня. Мітынгоўцам у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі перашкодаў ня чыніцца.
«У выніку праведзеных разглядаў органамі ўнутраных спраў задакумэнтавана 35 парушэньняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Да разгляду ў судзе спраў аб адміністрацыйных парушэньнях затрымалі 29 чалавек», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Акцыі за і супраць Лукашэнкі адбыліся на тэрыторыі 24 населеных пунктаў, паведамілі праваахоўнікі. Агулам зафіксаваныя «42 асяродкі палітычнай актыўнасьці грамадзянаў», у якіх удзельнічалі больш за 8 500 чалавек з улікам пратэставых акцый.
«На плошчы Перамогі прайшоў так званы гранд-парад жаночых міратворчых сіл, які завяршыўся а 20-й пасьля неаднаразовых папярэджаньняў супрацоўнікаў міліцыі. Таксама па гарадзкіх вуліцах праехалі каля 200 матацыклістаў і прыкладна 100 раварыстаў», — праінфармавалі ў МУС.