Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зразумеў, што могуць забраць у любы момант». Чаму берасьцейскі бізнэсовец і сябра Каардынацыйнай рады зьехаў зь Беларусі


Андрэй Варонін з жонкай
Андрэй Варонін з жонкай

34-гадовы берасьцеец Андрэй Варонін, дырэктар фірмы Andrei Voronin Woodworks, якая вырабляе мэблю з масіву каштоўных пародаў дрэва, зьехаў з жонкай зь Беларусі. Бізнэсовец сьцьвярджае, што ўлады ціснуць на яго за палітычную пазыцыю.

Андрэй браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту, пасьля выбараў увайшоў у Каардынацыйную раду.

«Я ўдзельнічаў у пратэстах, бо кожны, хто хоча называцца чалавекам і грамадзянінам, ня можа прайсьці міма несправядлівасьці, хлусьні, садызму на вуліцах, міма прыніжэньня чалавечай годнасьці. Бо беларусы цудоўныя людзі, у нас цудоўны горад, і я не хацеў бы, каб мы жылі ў страху пад дыктатурай, тыраніяй. Таму ня толькі я, але ўся Беларусь паўстала», — кажа ён.

«Усё, што маглі, яны апячаталі»

Андрэй Варонін зьехаў зь Беларусі 25 жніўня. Перад гэтым да ягоных бацькоў прыйшлі з вобшукам, супрацоўнікаў яго кампаніі дапытвалі па пяць гадзін, забралі іх тэлефоны. Ад калегаў Андрэй даведаўся, што яго абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у вялікіх памерах. Аднак ніякіх афіцыйных папераў ён дагэтуль не атрымліваў. Майстэрню са станкамі, матэрыяламі і вырабамі апячаталі супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

«Цяпер вытворчасьць спынена, у мяне патрабуюць вялікі сьпіс дакумэнтаў па 18 пунктах, ледзь не пра палітычныя погляды кампаніі, там шмат усяго. Гэта карныя органы, і я ня думаю, што яны мяне проста так адпусьцяць. Гэта элемэнт ціску. Усё, што маглі, яны апячаталі. Цяпер я спрабую разьвіваць лічбавыя кірункі свайго бізнэсу, але асноўны, зьвязаны з вытворчасьцю, спынены», — кажа Андрэй Варонін.

Абвінавачаньне Андрэю яшчэ не прад’явілі.

«Вобшукі былі па адрасе маёй прапіскі, напужалі бацькоў, хадзілі з панятымі, таксама прыходзілі дадому да маіх калег. Ва ўсіх бралі падпіску, што мы ні ў чым ня будзем удзельнічаць. Маіх супрацоўнікаў цяпер цягаюць на допыты, яны ня могуць працаваць, і цяпер мы абмяркоўваем з адвакатамі, як правільна далей дзейнічаць».

«Нашай цяперашняй уладзе такія людзі не патрэбныя»

Андрэй Варонін мяркуе, што ўлады будуць ціснуць на яго да канца. Гэта і стала, па словах суразмоўцы, прычынай выезду зь Беларусі. У якой краіне ён цяпер знаходзіцца з жонкай, не паведаміў — зь меркаваньняў бясьпекі.

«Лёс Ціханоўскага і Бабарыкі даў зразумець, што ў нас няма закону, яны хочуць толькі як мага глыбей схаваць тых, хто не даспадобы, хто хоча будаваць мірную краіну і нешта зьмяніць у добрым пляне. Нашай цяперашняй уладзе такія людзі не патрэбныя. Таму я зразумеў, што мяне могуць забраць у любы момант, пасадзіць на няпэўны час, як цяпер сядзяць Бабарыка і Ціханоўскі. Таму я быў вымушаны выехаць зь Беларусі».

Андрэй Варонін займаецца бізнэсам цягам пяці гадоў, у лепшыя часы на ягонай вытворчасьці было занята некалькі дзясяткаў чалавек.

«Мець свой бізнэс у Беларусі азначае жыць на парахавой бочцы. Пакуль ты маўчыш, табе дазваляюць гэта рабіць. Але калі ты шмат зарабляеш ці падымаеш галаву адносна нейкіх палітычных пазыцый, да цябе адразу прыходзяць. Не аднойчы гэта ўжо было пацьверджана вопытам і маім, і маіх сяброў ці знаёмых», — кажа Андрэй Варонін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG