Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі аналітык: Эўразьвяз мог бы пачаць уласнае расьсьледаваньне гвалту ў Беларусі


Акцыя ў цэнтры Бэрліну: да бруку прымацаваныя аркушы паперы з імёнамі беларусаў, якія зьніклі бязь вестак пры разгоне акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў
Акцыя ў цэнтры Бэрліну: да бруку прымацаваныя аркушы паперы з імёнамі беларусаў, якія зьніклі бязь вестак пры разгоне акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў

Наколькі адэкватная рэакцыя заходняга сьвету, перш за ўсё ЭЗ, на тое, што адбываецца ў Беларусі? Чаго чакаць у гэтай сувязі ад Расеі і якога кшталту ўзаемадзеяньне з Крамлём могуць цяпер дазволіць сабе дэмакратычныя краіны?

21-ы дзень пратэстаў. Жаночы марш у Менску. У журналістаў забралі акрэдытацыі

На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Радыё Свабода адказвае нямецкі аналітык Ролянд Фройдэнштайн, дырэктар палітычных праграм Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрэда Мартэнса (Брусэль).

— Эўразьвяз не прызнаў вынікі выбараў у Беларусі, выдзеліў 2 млн эўра ў дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, а таксама ўводзіць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэньня. Гэтыя меры здаюцца вам дастатковымі ў цяперашняй абстаноўцы?

Ролянд Фройдэнштайн
Ролянд Фройдэнштайн

— Гэта добры пачатак, але гэтага мала. Па-першае, варта было б паведаміць Лукашэнку, што мы гатовыя размаўляць зь ім да 10 верасьня, калі мінае яго мандат (пасьля выбараў 2015 году. — РС), пасьля чаго ні ён, ні ягоны ўрад ня будуць зьяўляцца легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народу.

Па-другое, з прычыны адсутнасьці ў самой Беларусі сумленнага расьсьледаваньня фактаў фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку паліцыі Эўразьвяз — лепш за ўсё Эўрапарлямэнт — мог бы пачаць сваё ўласнае расьсьледаваньне і весьці яго як мага больш старанна. Усе ўчыненыя злачынствы павінны быць задакумэнтаваныя — у цесным супрацоўніцтве зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Па-трэцяе, колькасьць асоб, унесеных у новыя санкцыйныя сьпісы, павінна складаць як мінімум некалькі сотняў.

— Чаму Эўразьвяз не прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую легітымным пераможцам на выбарах 9 жніўня?

— Звычайная для ЭЗ прычына: дзяржавы-члены не змаглі дамовіцца паміж сабой. Некаторыя хацелі, каб Саюз пайшоў на такі крок, асабліва актыўна за гэта выступала Літва. Іншыя казалі, аднак, што, хоць Лукашэнка відавочна сфальсыфікаваў сваю «перамогу», няма і адназначных доказаў таго, што Ціханоўская перамагла. І, вядома, тыя, каго я часам называю «кааліцыяй белага сьцяга» — Нямеччына, Францыя і Італія, — як звычайна, настойвалі на «наладжваньні дыялёгу з усімі бакамі».

— Польшча і краіны Балтыі, падобна, мацней за іншых заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі. Гэта зразумела: яны яе найбліжэйшыя суседзі. Але ці няма ў вас адчуваньня, што эўрапейскія «цяжкавагавікі», у першую чаргу Нямеччына і Францыя, ня так ужо сьпяшаюцца на дапамогу беларускаму дэмакратычнаму руху?

— Палітыкі згаданых вамі дзьвюх краін ня маюць нічога супраць дэмакратычных рухаў як такіх, але вельмі неахвотна ідуць на канфрантацыю з аўтакратамі. У прыватнасьці, у Францыі геапалітыка аказалася ўзьведзеная на ўзровень ледзь не натуральнай навукі: нібы існуе нейкі неадольны закон, згодна зь якім суседзі Расеі, паколькі ўжо ім давялося жыць побач зь ёю, валодаюць меншым правам самастойна вызначаць сваю будучыню, чым іншыя краіны.

Нямецкія лідэры хутчэй заклапочаныя пагрозай буйнога канфлікту, ледзь ня Трэцяй сусьветнай вайной, якая, на іх думку, магла б стаць вынікам занадта прынцыповай зьнешняй палітыкі. Але, як і заходнія саюзьнікі ў 1938 годзе, імкнучыся пазьбегнуць вайны і прыносячы ў ахвяру гэтаму імкненьню свабоду іншага народу, яны ў рэальнасьці набліжаюць канфлікт, робячы дыктатараў больш сьмелымі і нахабнымі.

— Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль і іншыя прадстаўнікі ЭЗ абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі з Уладзімірам Пуціным. Ці лічаць эўрапейскія лідэры Беларусь неад’емнай часткай расейскай сфэры ўплыву і ці гатовыя яны пагадзіцца зь любымі варыянтамі разьвязваньня беларускага крызісу, якія прапануе Масква?

— Вядома, у саміх перамовах няма нічога дрэннага. Пытаньне хутчэй у тым, ці варта эўрапейскім палітыкам шыхтавацца ў чаргу на перамовы да Пуціна. Магчыма, разумней было б выбраць кагосьці аднаго або двух, хто гаварыў бы ад імя ўсіх. Яшчэ больш важная рэч: самі такія кансультацыі ня могуць тычыцца будучыні Беларусі. Гэта павінны быць ясныя паведамленьні пра тое, штó ЭЗ будзе лічыць «чырвонай лініяй» і якія наступствы будзе мець пераход праз гэтую лінію для Расеі. У цяперашні момант Пуцін дапамагае Лукашэнку ўтрымацца ва ўладзе, і гэта амаль гэтак жа дрэнна, як прамое ўварваньне Расеі ў Беларусь.

— Ці магчымае пагадненьне «малдаўскага» тыпу паміж Расеяй і ЭЗ па Беларусі?

— Я шчыра спадзяюся, што не. Такога кшталту зьдзелкі заахвочваюць аўтакратаў і геапалітычныя ілюзіі. Акрамя таго, беларускае грамадзтва праяўляе ўздым і актыўнасьць у такой меры, якой у Малдове не назіраецца. Няма ніякіх прычын заключаць якія-небудзь зьдзелкі «па-над галовамі» беларусаў. Яны самі павінны вызначаць сваю будучыню, і наша задача — дапамагчы ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG