Машыну 50-гадовага жыхара Горадні Аляксандра Вараб’ёва разьбіў аўтазак. Мужчыну затрымалі і зьбілі, а зараз могуць пазбавіць правоў кіраваньня аўтамабілем на 2 гады.
Дачка гарадзенца Яна Вараб’ёва расказала гісторыю бацькі.
«Увечары 11 чысла мне пазваніла мама і сказала, што тату затрымалі. Сказала, што ён пазваніў з аўтазаку, што яго скруцілі, машына стаіць на філярмоніі, выключыце фары», — успамінае той вечар Яна.
Як яна даведалася пазьней ад бацькі, увечары 11 жніўня ён з цэнтру гораду ехаў да сваёй маці на вуліцу Суворава. На кальцы каля філярмоніі было шмат пратэстоўцаў, як пешаходаў, так і аўтамабіляў, якія сыгналілі. Ён заехаў па нейкай тэхнічнай патрэбе на паркоўку філярмоніі. Зьбіраўся выяжджаць.
«Тата расказваў: «Я выяжджаю, і аўтазак таксама выяжджае. Па факце аўтазак мусіў паехаць за мной у гэты маленькі калідорчык, уезд на дарогу. Але ён вырашыў мяне абагнаць, моцна газануў, зразумеў, што не праходзіць па габарытах, і мяне зачапіў. Я спыніўся паглядзець, што адбываецца. Сказаў, каб выклікалі дзяржаўтаінспэкцыю. Яны: „Зараз, зараз, паглядзім“. У выніку прыляцеў АМАП, яго скруцілі, і ўсё. Машына так і засталася заведзеная, з уключанымі фарамі», — пераказвае Яна словы бацькі пра аварыю.
Калі Яна ў той вечар паехала забіраць машыну бацькі, ёй мінакі параілі ня ехаць у раён філярмоніі, бо «АМАП б’е машыны дручкамі, шкло разьбівае». Яна даехала дварамі. На месцы ўбачыла вайсковую тэхніку, таніраваныя міліцэйскія мікрааўтобусы. Баялася, што яе таксама могуць затрымаць проста за тое, што яна апынулася ў гэтым месцы. Таму дачакалася, пакуль тыя зьехалі, і пайшла забіраць машыну. Побач стаялі супрацоўнікі ДАІ.
У машыны было прабіта задняе крыло і цалкам разьбітая задняя фара.
«Было відаць, што гэта ня тата ў некага ўрэзаўся, а ў яго», — кажа дзяўчына.
Супрацоўнікі ДАІ дазволілі ёй пад расьпіску забраць машыну і зьехаць.
Аляксандру далі 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сям’я доўга не магла яго знайсьці. Аказалася, што ён увесь час быў у ізалятары ў Кастрычніцкім раёне Горадні, а ягоныя асабістыя рэчы чамусьці перавезьлі ў Ваўкавыск. Нечакана на трэці дзень, 13 жніўня, яго выпусьцілі разам з многімі іншымі затрыманымі падчас пратэстаў.
У мужчыны не было аднаго чаравіка, таму міліцыя яго завезла проста дадому. Па словах Яны, бацька быў моцна зьбіты: яму зламалі два рабры, засталіся вялікія гематомы па ўсім целе. Білі пры затрыманьні, але найбольш — у РАУС. Пакармілі толькі на трэці дзень.
Пасьля вызваленьня Аляксандар зьняў пабоі, напісаў заявы на зьбіцьцё ў міліцыю і пракуратуру.
28 жніўня Аляксандра Вараб’ёва выклікалі ў ДАІ, паказалі відэа аварыі. Паводле адказу, які ён атрымаў з ДАІ, вінаваты ў аварыі іншы кіроўца. Аднак аказалася, што ў дзеяньнях Вараб’ёва таксама «бачацца парушэньні правілаў дарожнага руху». Мужчыну могуць пакараць пазбаўленьнем правоў на 2 гады. Для Аляксандра гэта істотная перашкода ў працы. Ён каваль, майстэрня ягоная за 60 кілямэтраў ад Горадні. Туды майстар езьдзіць на машыне.
«Як яно там далей павернецца? З пункту гледжаньня сям’і: пабілі машыну, пасадзілі на 10 сутак, зламалі два рабры немаладому чалавеку, і яшчэ на 2 гады хочуць пазбавіць правоў. Адна справа, калі б ён сапраўды ўдзельнічаў у мітынгу, ішоў у счэпцы, быў зь белым бранзалетам, з нацыянальнай сымболікай. У яго нічога такога не было. Ён проста трапіў у такую сытуацыю, калі так не пашчасьціла, дзяржаўная машына яго зачапіла», — кажа Яна.