Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Аўстрыі: Пазбаўленьне акрэдытацыі журналістаў — беспрэцэдэнтны напад на свабоду СМІ ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя на плошчы Незалежнасьці ў Менску, падчас якой масава затрымлівалі журналістаў, 27 жніўня 2020
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя на плошчы Незалежнасьці ў Менску, падчас якой масава затрымлівалі журналістаў, 27 жніўня 2020

Аўстрыя рэзка асудзіла пазбаўленьне акрэдытацыі шэрагу замежных СМІ ў Беларусі.

«Пазбаўленьне журналістаў, у тым ліку тых, што працуюць на замежныя СМІ, акрэдытацыі — гэта беспрэцэдэнтны напад на свабоду СМІ», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным 29 жніўня ў афіцыйным Twitter МЗС Аўстрыі.

«Аўстрыя асуджае гэтую абуральную спробу стрымаць аб’ектыўнае асьвятленьне падзей і заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць перасьлед журналістаў», — падкрэсьлівае аўстрыйскае зьнешнепалітычнае ведамства.

29 жніўня каля двух дзясяткаў замежных журналістаў і беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, былі пазбаўленыя акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС:

  • карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько,
  • Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP,
  • Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters,
  • Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС,
  • Генадзь Шарыпкін зь Міжнароднага францускага радыё,
  • Раман Васюковіч з «Настоящего времени»,
  • Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD,
  • Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.

Рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі МЗС прыняла міжведамасная камісія па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры, створаная паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 годзе. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі кіраўніцтва Савету бясьпекі, адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства інфармацыі, іншых дзяржаўных структур Беларусі.

27 і 28 жніўня журналістаў масава затрымлівалі падчас асьвятленьня акцый пратэсту ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG