Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія мастакі дапамогуць пацярпелым падчас пратэстаў


Мастак Міхаіл Гулін
Мастак Міхаіл Гулін

29 жніўня вядомы маскоўскі аўкцыён сучаснага мастацтва VLADEY праводзіць таргі, дзе 30 лотаў — творы беларускіх мастакоў. Выручаныя ад продажу сродкі пойдуць на дапамогу пацярпелым у Беларусі і мастакам.

Палова сродкаў, выручаных на аўкцыёне, пойдзе на дапамогу пацярпелым падчас і пасьля пратэстаў, другая палова — на дапамогу мастакам.

Свабода зьвязалася з мастаком Міхаілам Гуліным, які быў ініцыятарам дабрачыннай акцыі.

«У мяне таксама душа баліць за тое, што адбываецца ў першую чаргу з творчымі асобамі, таму што спачатку была ковідная сытуацыя, цяпер рэвалюцыйная сытуацыя. І творцы проста забытыя. Музыкі сядзяць без канцэртаў, мастацкіх выставаў таксама няма. Улічваючы, што мы не былі нікому патрэбныя і падчас так званай „стабільнасьці“, то цяпер мы наагул „забыты матэрыял“. Таму ў мяне была задача дапамагчы ў тым ліку і мастакам», — падзяліўся Міхаіл Гулін.

Мастак выкарыстаў свае асабістыя сяброўскія кантакты зь вядомым маскоўскім галерыстам і ўладальнікам аўкцыённага дома VLADEY Уладзімерам Аўчарэнкам. Дарэчы, на сайце ёсьць слоган «Жыве Беларусь!»

«Аўкцыён твораў сучаснага мастацтва VLADEY — бадай, адзіны самы аўтарытэтны і вядомы на ўсёй постсавецкай прасторы. Яны нават падчас каранавірусу не спыняліся і праводзілі онлайн-аўкцыёны. Уладзімер Аўчарэнка на нашу прапанову адразу адгукнуўся, усё давялося рабіць вельмі хутка, літаральна за тыдзень.

І тут таксама быў такі прынцыповы момант: я не прыцягваў дыяспару, вядомых беларускіх мастакоў, якія жывуць за мяжой. Абмежаваліся нават не Беларусьсю, а Менскам.

Натуральна, былі крытэры адбору: найперш пазыцыя мастака. Я бачу акцыі, у якіх удзельнічаюць мастакі, ведаю, што яны выкладаюць у сацсетках — то бок, адбор быў», — запэўнівае Міхаіл Гулін.

Удзел онлайн і праз тэлефон, трансьляцыя на сайце пачынаецца 29 жніўня а 15-й гадзіне. Дабрачынныя беларускія лоты — з 19-га па 49-ы. Пачатковы кошт лоту — 100 эўра.

«Але гэта не азначае, што ўсё прадаецца па 100 эўра. Першы кошт — 100, потым дадаецца па 100. Пасьля 1 тысячы — стаўка 200. Гандлявацца можна зь любога месца плянэты. Весьці аўкцыён будзе сам Уладзімер Аўчарэнка», — расказаў Міхаіл Гулін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG