28-31 жніўня ў Беларусі пройдуць комплексныя тактычныя вучэньні на горадзенскім кірунку.
Як паведамляе прэс-служба вайсковага ведамства, падчас вучэньняў заплянавалі перамяшчэньне значнай колькасьці вайсковай тэхнікі, што можа ўскладніць рух на дарогах агульнага прызначэньня.
«Просім жыхароў населеных пунктаў і кіроўцаў транспартных сродкаў быць уважлівымі, беручы пад увагу ўмовы надвор’я», — гаворыцца ў паведамленьні.
Міністэрства абароны ўдакладняе, што ў склад зводнай групоўкі войскаў уключаныя танкавыя, парашутна-дэсантныя, артылерыйскія, інжынэрныя падразьдзяленьні, разьлікі бесьпілотных авіяцыйных комплексаў і радыёэлектроннай барацьбы. Выконваюцца палёты самалётаў Як-130 116-й штурмавой авіяцыйнай брыгады аховы паветранай прасторы.
У мінулыя выходныя Аляксандар Лукашэнка наведаў Гожаскі палігон пад Горадняй, заявіўшы, што NATO пагражае бясьпецы Беларусі, а Польшча нібыта «марыць» далучыць Горадзенскую вобласьць. У Польшчы выказалі абурэньне такімі заявамі і выклікалі ў МЗС амбасадара Беларусі.